У Беларусі будзе скарочаны пералік ліцэнзуемых відаў дзейнасці
2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня 2010 года падпісаў указ №450 "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У мэтах лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці указам прадугледжваецца адмена ліцэнзавання 16 відаў дзейнасці, 7 з якіх уключаюць у сябе 59 састаўляючых работ (паслуг), а таксама каля 60 работ (паслуг) па іншых 13 відах дзейнасці, ліцэнзаванне якіх захоўваецца; аб'яднанне двух відаў дзейнасці ў адзін.
Указ накіраваны на комплекснае рэгуляванне адносін у галіне ліцэнзавання і прадугледжвае зацвярджэнне Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці з прыкладзеным пералікам відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрабуюцца спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі), і ўпаўнаважаных на іх выдачу дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый.
Палажэнне складаецца з двух раздзелаў, у першым з якіх рэгламентаваны агульныя пытанні ліцэнзавання, у другім - асаблівасці ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці.
Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2011 года.
Пры гэтым указам прадугледжана, што юрыдычныя і фізічныя асобы, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права не падаўжаць у перыяд з дня афіцыйнага апублікавання ўказа да яго ўступлення ў сілу тэрмін дзеяння спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне відаў дзейнасці або спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), якія ўключаюць толькі тыя састаўляючыя віды дзейнасці работы і (або) паслугі, ліцэнзаванне якіх адмяняецца. Яны могуць ажыццяўляць дзейнасць на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), выдадзеных да 1 студзеня 2011 года, пры ўмове выканання патрабаванняў, прадугледжаных указам, да заканчэння тэрміну іх дзеяння.
Скасаванне патрабаванняў аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці і састаўляючых іх работ (паслуг), аптымізацыя парадку і скарачэнне тэрмінаў здзяйснення ліцэнзійных працэдур, увядзенне комплекснага рэгулявання адносін у сферы ліцэнзавання, прадугледжаныя указам, забяспечаць зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на дзейнасць суб'ектаў гаспадарання.-0-