У Беларусі дзяржзаказ па продажы збожжа павялічаны да 1 млн. 25 тыс. т

21 ліпеня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Дзяржзаказ сёлета складае 1 млн. 25 тыс. т збожжа і 175 тыс. т насення рапсу для камбікормавай прамысловасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле рэсурсаў і гандлю Дэпартамента па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У мінулым годзе дзяржзаказ складаў 990 тыс. т збожжа і 149 тыс. т насення рапсу для камбікормавай прамысловасці. Такім чынам, дзяржзаказ па продажы збожжа ўзрос на 3,5%. Сёлета трэба будзе прыняць 570 тыс. т пшаніцы, што на 88 тыс. т больш, чым летась (482 тыс. т), 300 тыс. т жыта (яго аб'ём захаваны на ўзроўні мінулага года) і 155 тыс. т іншых, у тым ліку крупяных культур (летась планавалася нарыхтаваць 208 тыс. т). Як растлумачылі спецыялісты дэпартамента, істотна павялічаны дзяржзаказ на пшаніцу ў сувязі з яе запатрабаванасцю на ўнутраным рынку для хлебапячэння і вытворчасці макаронных вырабаў. Як паказвае практыка мінулых гадоў, гаспадаркі рэспублікі добра спраўляюцца з павышаным заданнем па пастаўцы гэтай галоўнай харчовай культуры ў дзяржрэзерв. Што тычыцца жытняга збожжа, то 300 тыс. т – гэта аптымальны аб'ём, які неабходны для задавальнення патрэбы ўнутранага рынку. Аб'ём па іншых культурах у параўнанні з мінулым годам зніжаны на 53 тыс. т, чаму таксама ёсць аб'ектыўныя прычыны. Апошнімі гадамі запланаваны высокі аб'ём збожжа па гэтай групе – звыш 200 тыс. т – не ўдавалася выканаць. Таму сёлета таксама вызначаны аптымальны аб'ём іншых культур у дзяржзаказ з улікам практыкі мінулых гадоў. У склад іншых культур уваходзяць пастаўкі трыцікале, грэчкі, проса, ячменю і аўса на крупяныя мэты. На элеватары і хлебапрыёмныя пункты рэспублікі пачалі паступаць пробныя партыі збожжа новага ўраджаю. Правяраецца якасць збожжа. Масавая пастаўка ў кошт дзяржзаказу пачнецца, хутчэй за ўсё, з 1 жніўня. Пастаўкі збожжа ў кошт дзяржзаказу будуць знаходзіцца на асаблівым кантролі Мінсельгасхарча, персанальную адказнасць нясуць кіраўнікі сельгасарганізацый. Арганізацыі хлебапрадуктаў плануюць нарыхтаваць і адначасова размясціць звыш 3 млн. т збожжа і насення рапсу, што на 500 тыс. т больш, чым летась. Акрамя дзяржзаказу па харчовым збожжы будзе прымацца збожжа на вытворчасць камбікармоў, у кошт узаемаразлікаў, на давальныя мэты і г.д. У нарыхтоўках ураджаю 2011 года будуць прымаць удзел 85 арганізацый, у тым ліку 21 камбінат хлебапрадуктаў, 11 камбікормавых заводаў, 10 хлебапрыёмных прадпрыемстваў, 4 нарыхтоўчыя элеватары і 39 вытворчых участкаў. Усе нарыхтоўчыя прадпрыемствы хлебапрадуктаў да прыёму збожжа новага ўраджаю гатовыя. Для размяшчэння збожжа і насення рапсу ў арганізацыях хлебапрадуктаў будзе задзейнічана 3268,7 тыс. т элеватарна-складскіх магутнасцей. У бягучым годзе запланавана пабудаваць 128 тыс. т магутнасцей для захоўвання збожжа. Па стане на 1 ліпеня ўведзена ў эксплуатацыю 45 тыс. т магутнасцей. Акрамя таго, плануецца арандаваць у старонніх арганізацыях магутнасці на 97,8 тыс. т для поўнага размяшчэння збожжа.-0-