У Беларусі з-за паводкі прагназуецца падтапленне да 50 раёнаў

14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па найгоршым варыянце развіцця сітуацыі ў Беларусі прагназуецца падтапленне паводкавымі водамі населеных пунктаў і тэрыторый у 50 раёнах краіны. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МНС. Па прагнозах, чакаецца, што могуць быць падтоплены 4 раёны Брэсцкай вобласці, 10 – Віцебскай, 15 – Гомельскай, па 6 – у Гродзенскай і Мінскай, 9 – Магілёўскай. Найбольш высокая верагоднасць падтапленняў у басейнах рэк Прыпяць, Сож, Заходняя Дзвіна, Нёман, Дняпро, Бярэзіна, а таксама Дзісна, Дрыса, Ула, Проня, Заходні Буг, Іпуць і Вілія. Гатоўнасць галіновых і тэрытарыяльных падсістэм дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый да рэагавання на негатыўныя наступствы вясновай паводкі была адной з ключавых тэм на пасяджэнні Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў, якое прайшло 11 сакавіка пад кіраўніцтвам намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Калініна. Па выніках пасяджэння дадзены даручэнні шэрагу арганізацый. Так, аблвыканкамы, Белкаапсаюз, Мінгандлю, Мінздароўя, Мінэнерга сумесна з зацікаўленымі павінны да 20 сакавіка завяршыць падрыхтоўчыя мерапрыемствы для забеспячэння бесперабойнай дастаўкі ў раёны, якія могуць падвергнуцца падтапленню, прадуктаў харчавання, пітной вады, медыкаментаў і прадметаў першай неабходнасці, а таксама электраэнергіі. Мінжылкамгасу сумесна з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам і іншымі зацікаўленымі да 20 сакавіка трэба будзе ўмацаваць вусця водазаборных свідравін і люкаў калодзежаў каналізацыі, дамбы глеістых пляцовак і палёў фільтрацыі, узгадніць месцы забору пяску і стварыць запасы каменя, шчэбеню, мяшковай тары. Дэпартаменту па гідраметэаралогіі будзе штосутачна кантраляваць і аналізаваць метэаралагічную і гідралагічную абстаноўку. Дэпартамент па меліярацыі і водных рэсурсах будзе праводзіць абследаванні і кантрольнае нівеліраванне земляных плацін і дамбаў водасховішчаў, сажалак, польдэрных сістэм, аб'ектаў процівападтапляльнай абароны і своечасова выяўляць месцы затораў для правядзення выбуховых работ.-0-