У Беларусі зменены ўмовы прэміравання кіраўнікоў арганізацый-даўжнікоў
9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зменены ўмовы прэміравання кіраўнікоў арганізацый, якія маюць запазычанасць перад бюджэтам. Прэзідэнт Беларусі 6 жніўня падпісаў указ №405, якім унесена змяненне ва ўказ ад 13 жніўня 1996 года №292 "Аб прадастаўленні юрыдычным асобам адтэрміноўкі па выплаце запазычанасці па падатках і пенях", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Указам №292 ад 13 жніўня 1996 года забаронена выплачваць прэміі кіраўнікам і галоўным спецыялістам (іх намеснікам) арганізацый, якія маюць запазычанасць перад бюджэтам.
У гэты ўказ унесена змяненне, згодна з якім забарона не будзе распаўсюджвацца на арганізацыі, якім рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадастаўлена адтэрміноўка (растэрміноўка) пагашэння запазычанасці па плацяжах у бюджэт, эканамічных санкцыях і пенях. Пры гэтым абавязковай умовай з'яўляецца строгае выкананне выплаты бягучых плацяжоў у бюджэт.
У выпадку пазбаўлення права на адтэрміноўку (растэрміноўку) забарона на налічэнне і выплату прэмій службовым асобам будзе дзейнічаць.
Указ уступае ў сілу праз тры месяцы з дня яго падпісання.-0-