У Беларусі вызначаны месцы распіцця піва і слабаалкагольных напояў
23 красавіка, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. У Беларусі вызначаны месцы, у якіх можна распіваць піва і слабаалкагольныя напоі. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №572 ад 19 красавіка бягучага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
Згодна з пастановай, якая ўступае ў сілу з дня афіцыйнага апублікавання, распіццё слабаалкагольных напояў і піва дазваляецца ў рознічных гандлёвых аб'ектах і гандлёвых аб'ектах грамадскага харчавання пры ажыццяўленні ва ўстаноўленым парадку рознічнага гандлю півам і слабаалкагольнымі напоямі. Акрамя таго, гэта дапускаецца ў рознічных гандлёвых аб'ектах (крама, павільён, кіёск, палатка і іншыя гандлёвыя аб'екты), у якіх створаны ўмовы для ўжывання піва і слабаалкагольных напояў (ёсць сталы, сталы і крэслы, сталы для прыёму ежы стоячы, барныя стойкі і іншае абсталяванне), таксама ў гандлёвых аб'ектах грамадскага харчавання, а піць піва можна і ў месцах правядзення дэгустацый у маркетынгавых мэтах ва ўстаноўленым парадку.
З мэтай вызначэння рознічных гандлёвых аб'ектаў, гандлёвых аб'ектаў грамадскага харчавання, у якіх дапускаецца ўжыванне слабаалкагольных напояў і піва, Савет Міністраў унёс адпаведныя змяненні ў дзеючую пастанову № 317 "Аб асобных пытаннях рэгулявання рознічнага гандлю півам і слабаалкагольнымі напоямі і аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях ажыццяўлення рознічнага гандлю" ад 6 сакавіка 2006 года.
Міністэрству гандлю прадастаўлена права тлумачыць пытанні вызначэння рознічных гандлёвых аб'ектаў, гандлёвых аб'ектаў грамадскага харчавання, у якіх дапускаецца ўжыванне піва і слабаалкагольных напояў, у адпаведнасці з дадзенай пастановай Савета Міністраў.-0-