У Беларусі вызначаны прыярытэтныя напрамкі навукова-тэхнічнай дзейнасці на 2011-2015 гады

26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вызначаны прыярытэтныя напрамкі навукова-тэхнічнай дзейнасці на 2011-2015 гады. Адпаведны ўказ №378 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 ліпеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, у бліжэйшыя пяць гадоў фінансавыя і кадравыя рэсурсы будуць сканцэнтраваны на такіх напрамках, як энергетыка і энергазберажэнне; аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасці; прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасці; медыцына, медыцынская тэхніка і тэхналогіі, фармацыя; хімічныя тэхналогіі, нанатэхналогіі і біятэхналогіі; інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі; новыя матэрыялы; рацыянальнае прыродакарыстанне, рэсурсазберажэнне і абарона ад надзвычайных сітуацый; абараназдольнасць і нацыянальная бяспека. Як растлумачылі ў прэс-службе, у абсалютнай большасці гэтыя напрамкі маюць жыццезабяспечваючы характар, які дазваляе павысіць узровень і якасць жыцця насельніцтва краіны і яе нацыянальную бяспеку. Такое рашэнне заклікана забяспечыць арыентацыю навукова-тэхнічнай дзейнасці на рэалізацыю праектаў па стварэнні новых сектараў эканомікі з высокай доляй дабаўленага кошту, нізкай энергетычнай і матэрыялаёмістасцю прадукцыі, што будзе спрыяць інтэнсіфікацыі развіцця нацыянальнай эканомікі і павышэнню дабрабыту насельніцтва.