У Беларусі плануецца стварэнне станкабудаўнічага холдынгу
17 сакавіка, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца стварэнне станкаінструментальнага холдынгу. Падыходы да стварэння гэтай структуры, яе мэты і задачы абмяркоўваліся сёння на рабочай нарадзе, якую правёў міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч на ААТ "Станкабудаўнічы завод "Чырвоны бальшавік" у Оршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
Нарада прайшла з удзелам кіраўнікоў станкабудаўнічых і інструментальных прадпрыемстваў галіны. У холдынг павінны ўвайсці 22 прадпрыемствы, на якіх заняты прыкладна 11,5 тыс. чалавек. Міністр даў заданне прапрацаваць і падрыхтаваць праект нарматыўнага акта па стварэнні станкабудаўнічага холдынгу і накіраваць яго на ўзгадненне з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі.
Стварэнне холдынгу заклікана значна павялічыць вытворчасць прадукцыі і экспартныя пастаўкі станкаінструментальных прадпрыемстваў. У перспектыве да 2015-2016 гадоў трэба будзе павялічыць аб'ём прамысловай прадукцыі да больш чым Br1,2 трлн. Пры гэтым пастаўкі прадукцыі на экспарт павінны дасягнуць $200 млн. У агульным аб'ёме вытворчасці доля экспарту павінна скласці не менш за 50%.
Наведванне міністрам прамысловасці ААТ "Станказавод "Чырвоны бальшавік" праходзіла ў рамках адзінага дня інфармавання. Адбылася сустрэча Дзмітрыя Кацярыніча з працоўным калектывам і кіраўніцтвам прадпрыемства. У час гутаркі з работнікамі завода абмяркоўваліся пытанні стымулявання працы. Міністр даручыў дырэктару прадпрыемства пры правядзенні чарговага сходу акцыянераў разгледзець магчымасць стымулявання работнікаў шляхам спецыяльных надбавак для далейшага замацавання інжынерных кадраў на прадпрыемстве.
У цяперашні час "Чырвоны бальшавік" стабільна працуе, мае прыбытак, рэалізуе сацыяльныя праграмы.
Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2010 годзе ў станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці Беларусі выраблена прадукцыі на Br515,5 млрд., што склала 103,7% да ўзроўню 2009 года.
Аршанскі станказавод заснаваны ў 1900 годзе, у 2010 годзе ператвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства. Вырабляе ўніверсальнае высокадакладнае шліфавальнае абсталяванне рознага прызначэння і рознага ўзроўню аўтаматызацыі, станкі па індывідуальных чарцяжах заказчыкаў, сродкі малой механізацыі, тавары народнага спажывання.-0-