У Беларусі плануецца павялічыць дародавы адпачынак на 14 каляндарных дзён
14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца павялічэнне дародавага адпачынку на 14 каляндарных дзён і прадастаўленне яго з 28 тыдняў цяжарнасці. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік сёння падчас анлайн-канферэнцыі "Дзяржаўная сацыяльная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей" на сайце міністэрства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта мэтазгодна, перш за ўсё, па той прычыне, што значнай частцы цяжарных жанчын на позніх тэрмінах цяжарнасці, як правіла, выдаецца лісток непрацаздольнасці ў сувязі з рознага роду ускладненнямі", - растлумачыў прадстаўнік Мінпрацы і сацабароны.
Цяпер адпаведныя змяненні ўносяцца ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Пётр Грушнік выказаў надзею, што гэтая прапанова будзе падтрымана на ўсіх узроўнях.-0-