У Беларусі плануюць выкарыстоўваць напаўпразрыстыя урны і электроннае галасаванне

У Беларусі ў будучыні плануюць выкарыстоўваць напаўпразрыстыя урны і электроннае галасаванне. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

"Мы паступова вучымся тым ці іншым стандартам. Праўда, ад таго, што мы яшчэ не паспелі прымяніць, іншыя ўжо адмаўляюцца. Напрыклад, на нас бесперапынна ідзе ціск наконт таго, калі будуць усюды прымяняцца празрыстыя скрыні для галасавання. Адразу магу сказаць - гэта ўжо не модна, больш за тое, гэта супярэчыць міжнародным стандартам - празрыстыя урны не забяспечваюць таямніцу волевыяўлення выбаршчыкаў. Модна выкарыстоўваць напаўпразрыстыя скрыні, модна, прынамсі, часткова, прымяняць электроннае галасаванне. Думаю, мы таксама будзем гэта з часам паступова ўкараняць", - сказала Лідзія Ярмошына.

Кажучы пра змяняльнасць парламента, старшыня Цэнтрвыбаркама адзначыла, што па пажаданні кіраўніка дзяржавы каля траціны дэпутатаў павінна заставацца на другі тэрмін. Але ёсць і другое пажаданне: як правіла, тэрмін паўнамоцтваў у кожнага індывідуальнага дэпутата павінен быць не больш за два тэрміны запар. "Ёсць падтрымка і падбор будучых кандыдатаў з улікам захавання ўсіх прапорцый", - падкрэсліла яна.

Таксама Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на тое, што гэты год для Беларусі незвычайны: выбары пройдуць у святочны дзень - 7 лістапада. На яе думку, гэта вельмі ўдалая ідэя: такім чынам "дзяржаўнае дзеянне будзе адпавядаць дзяржаўнаму святу".

За выбарамі ў парламент будуць назіраць прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Да крытычных заўваг Беларусь гатовая. "Ёсць міжнародная практыка: нам прадстаўляюць справаздачу, калі яна нас не задавальняе, мы прадстаўляем пярэчанні. Потым канструктыўна з усімі місіямі, якія даюць крытычныя заўвагі, абмяркоўваем. Мы прымаем усіх адкрыта і прыязна. Мы прывыклі да міжнароднага назірання. Галоўнае, каб парламент быў абраны і каб ён своечасова прыступіў да працы", - заключыла яна.

Выбары ў Савет Рэспублікі прызначаны на 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў - на 17 лістапада.

БЕЛТА.