У Беларусі падвялі вынікі выбараў у верхнюю палату парламента
Выбары ў верхнюю палату адбыліся 7 лістапада. У кожнай вобласці і Мінску на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, Мінгарсавета прайшло галасаванне па кандыдатурах у сенатары. Абрана 56 чалавек, у тым ліку 11 членаў Савета Рэспублікі дзеючага склікання, 14 жанчын (25% ад агульнай колькасці). Адзін абраны сенатар у цяперашні час з'яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, праінфармавала адказны сакратар ЦВК Алена Дзмухайла.
Узроставая прадстаўленасць Савета Рэспублікі новага склікання яна назвала аптымальнай. Палова сенатараў ва ўзросце ад 50 да 60 гадоў, 37% - ад 40 да 50. Тром яшчэ няма сарака, чацвярым - больш за 60 гадоў.
Абраныя члены Савета Рэспублікі прадстаўляюць розныя сферы. Так, 41% працуе ў адукацыі, культуры, навуцы і ахове здароўя. Амаль 11% сенатараў заняты ў прамысловасці, транспарце і будаўніцтве, столькі ж - у сельскай гаспадарцы.
Першая сесія Савета Рэспублікі сёмага склікання павінна пачацца да 7 снежня. У ЦВК не выключылі, што першае пасяджэнне адбудзецца 5 ці 6 снежня.
Дэпутаты мясцовых Саветаў у Віцебскай вобласці падтрымалі кандыдатуры начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Юрыя Дзеркача, дырэктара рэгіянальнай тэлерадыёкампаніі "Віцебск" Алены Панцюховай, рэктара Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта Анатоля Шчаснага, начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Ірыны Леўковіч, старшыні Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыя Дзямідава. Ад Віцебскай вобласці ў сенат абраны таксама дырэктар Полацкага каледжа Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава Таццяна Палушкіна, начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ "Белаграпрамбанк" Алег Жынгель, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскаблдарбуд" Уладзімір Матвееў.
Савет Рэспублікі — палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Парадак яе фарміравання спалучае элементы выбарнасці і прызначэння. Па восем членаў абіраюцца ад кожнай вобласці і Мінска шляхам тайнага галасавання, яшчэ восем сенатараў прызначае Прэзідэнт.