У Беларусі павышаюцца цэны на звадкаваны газ
29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэны на звадкаваны газ павышаюцца ў Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве эканомікі.
Так, з 30 чэрвеня 2012 года павялічваюцца на 10% адпускныя цэны арганізацый-вытворцаў на газы вуглевадародныя звадкаваныя для камунальна-бытавога спажывання, на 11% – адпускныя цэны на газы вуглевадародныя звадкаваныя паліўныя для аўтамабільнага транспарту і гранічныя раздробныя цэны на звадкаваны газ пры рэалізацыі на аўтамабільных газазаправачных станцыях. Гэта прадугледжана пастановамі Мінэканомікі №51 і №52 ад 13 чэрвеня 2012 года.
"У цяперашні час дзеючыя адпускныя цэны на звадкаваныя газы не забяспечваюць рэнтабельную працу арганізацый-вытворцаў, якія выпрацоўваюць іх для камунальна-бытавога спажывання і для аўтамабільнага транспарту. Павышэнне ў бягучым годзе раздробных цэн на нафтапрадукты змяніла суадносіны паміж раздробнымі цэнамі на аўтабензіны і звадкаваныя газы, якія выкарыстоўваюцца для запраўкі аўтатранспарту", – адзначылі ў Мінэканомікі. Такім чынам, рашэнне аб павелічэнні цэн на газ прынята для забеспячэння павышэння эфектыўнасці фінансава-эканамічнай дзейнасці нафтаперапрацоўчых арганізацый пры рэалізацыі звадкаваных газаў на ўнутраным рынку, выключэння дыспарытэту цэн на нафтапрадукты для запраўкі аўтатранспарту, растлумачылі ў міністэрстве.
Таксама з 1 ліпеня 2012 года на 5,5% павялічыцца цана на звадкаваны газ, які выкарыстоўваецца для запраўкі газавых балонаў. Пры гэтым адпускная цана за 1 кг звадкаванага газу, які адпускаецца насельніцтву, для запраўкі газавых балонаў аб'ёмам 1 л, 5 л, 12 л, 27 л устаноўлена на ўзроўні Br2 290.
Рашэнне прынята Мінэканомікі з улікам стратнасці рэалізацыі звадкаваных газаў на ўнутраным рынку з пакупной сыравіны, а таксама ў мэтах забеспячэння павышэння эфектыўнасці працы газазабеспячальных арганізацый і зафіксавана ў пастанове міністэрства №56 ад 20 чэрвеня 2012 года.-0-