У Беларусі праходзіць рэферэндум па Канстытуцыі

На тэрыторыі Беларусі ўтворана 5510 участкаў для галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме, у тым ліку 217 у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, і 12 у воінскіх часцях.

Сёння ўчасткі для галасавання будуць адкрыты з 8.00 да 20.00.

Уладальнікі ID-карт або біяметрычных пашпартоў гэтак жа, як і ўладальнікі звычайных пашпартоў, могуць прагаласаваць на рэферэндуме. Акрамя гэтага, для галасавання можна выкарыстоўваць і пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда, калі там ёсць фотаздымак, студэнцкі білет, пасведчанне дзяржаўнага служачага, а таксама прад'явіць даведку, калі яна выдана органам унутраных спраў узамен страчанага пашпарта альбо ID-карты.

Калі грамадзянін зарэгістраваны ў адным месцы, а пражывае ў іншым, ён павінен пацвердзіць сваё пражыванне на тэрыторыі гэтага ўчастка. Неабходна прад'явіць дагавор найму жылога памяшкання, зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, або іншы дакумент. На падставе такога дакумента камісія можа ўключыць грамадзяніна ў спіс для галасавання. Але пры гэтым яго трэба будзе выключыць са спісу для галасавання па асноўным месцы пражывання.

На галасаванні створаны ўсе неабходныя ўмовы для выканання санэпідпатрабаванняў, прадпісаных Міністэрствам аховы здароўя ў межах барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19. Гэта падбор адпаведных памяшканняў, якія дазволілі б забяспечыць і дыстанцыю, і развядзенне патокаў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у галасаванні, а таксама праветрыванне, уборка, дэзінфекцыя, наяўнасць антысептыкаў, сродкаў індывідуальнай абароны на ўчастку. Па аналогіі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года прынята рашэнне прыбраць пярэднія шторкі ў кабінах для галасавання. У грамадзян з СOVID-19, якія лечацца на даму, таксама не ўзнікне праблем пры галасаванні на рэферэндуме. Такі грамадзянін павінен звярнуцца ў сваю камісію і замовіць галасаванне на даму.

На рэферэндум вынесена адно пытанне: ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?

Паставіць свой адзнаку ўдзельнікі рэферэндуму павінны будуць у адным з двух квадратаў - адпаведна "за" ці "супраць". Прычым знак у адным з квадратаў можна ставіць абсалютна любы. Калі адзнака будзе пастаўлена ў двух квадратах ці не будзе пастаўлена ні ў адным, то такі бюлетэнь будзе прызнаны несапраўдным.

Рэферэндум праводзіцца шляхам усеагульнага, вольнага, роўнага і тайнага галасавання. Права ўдзельнічаць у ім маюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў. Кожны ўдзельнік рэферэндуму галасуе асабіста.

Рэферэндум лічыцца адбыўшымся, калі ў ім прыняло ўдзел больш за палову грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

"БЕЛТА"