У Беларусі пашырана нарматыўная база па развіцці лізінгу

16 чэрвеня, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. У Беларусі пашырана нарматыўная база па развіцці лізінгу. На гэта накіравана пастанова Савета Міністраў №865, якой зацверджана палажэнне аб лізінгу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Беларускага саюза лізінгадайцаў Аляксандр Цыбулька, каментуючы дакумент. Палажэннем рэгулююцца агульныя эканамічныя і прававыя ўмовы і парадак ажыццяўлення дзейнасці па заключэнні, выкананні, спыненні дзеяння дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу), у тым ліку гаспадарчых аперацый у сувязі з выкананнем гэтых дагавораў. Цяпер адносіны па перадачы маёмасці па дагаворы лізінгу рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, дадзеным палажэннем, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам, іншым заканадаўствам, прынятым у адпаведнасці з імі. Дакументы, якія дзейнічалі раней і датычыліся лізінгу, страцілі сілу. У палажэнні выкладзены тэрміны і азначэнні лізінгу. Так, кантрактнай вартасцю прадмета дагавора лізінгу з'яўляецца вартасць перадаванага ў лізінг прадмета, якая вызначаецца па ўзгадненні паміж лізінгадайцам і лізінгаатрымальнікам у мэтах разліку лізінгавых плацяжоў, ажыццяўлення і адлюстравання гаспадарчых аперацый пры выкананні дагавора лізінгу. Яна (кантрактная вартасць) адлюстроўваецца ў першасных уліковых дакументах і ўключае, у тым ліку, выдаткі лізінгадайца, звязаныя з набыццём тавару, які з'яўляецца прадметам лізінгу, уключаючы дастаўку, устаноўку, мантаж. Таксама гэты тавар павінен быць даведзены да стану, у якім ён прыдатны да выкарыстання лізінгаатрымальнікам. Дадзены азначэнні фінансавага і аператыўнага лізінгу. Для ўстанаўлення асаблівасцей ажыццяўлення гаспадарчых аперацый лізінг, пры якім плацяжы на працягу тэрміну лізінгу (не менш за 1 год) забяспечваюць пакрыццё лізінгадайцу не менш за 75% кантрактнай вартасці прадмета лізінгу, вызначаецца як фінансавы. Лізінг, пры якім лізінгадайцу пакрываецца менш за 75% кантрактнай вартасці прадмета лізінгу, вызначаецца як аператыўны. Пастановай урада таксама ўводзяцца новыя паняцці: зваротны лізінг і сублізінг. Лізінгаатрымальнік можа выступіць адначасова ў межах аднаго дагавора ў якасці прадаўца маёмасці, якая перадаецца ў лізінг (зваротны лізінг). З згоды лізінгадайца лізінгаатрымальнік можа перадаць трэцяй асобе ва ўладанне і карыстанне на пэўны тэрмін за плату маёмасць, атрыманую ад лізінгадайца па дагаворы лізінгу і якая складае прадмет лізінгу, заключыўшы з трэцяй асобай (сублізінгаатрымальнікам) дагавор сублізінгу. Прадмет лізінгу, правы на яго і (або) дагавор лізінгу, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам, рэгіструюцца ўпаўнаважанай дзяржаўнай арганізацыяй па заяве лізінгаатрымальніка. Лізінгадавец мае права кантраляваць выкананне лізінгаатрымальнікам умоў дагавора лізінгу ў частцы захаванасці прадмета лізінгу і падтрымання яго ў працоўным стане. Таксама ён мае права датэрміновага скасавання дагавора лізінгу і вяртання прадмета лізінгу. Калі іншае не ўстаноўлена дагаворам, лізінгаатрымальнік нясе ўсе выдаткі, звязаныя з вяртаннем прадмета лізінгу лізінгадайцу, у тым ліку выдаткі на яго дэмантаж, транспарціроўку, а таксама пакрывае іншыя страты лізінгадайца, звязаныя са скасаваннем дагавора. Тэрмін, на які прадастаўляецца прадмет лізінгу ва ўладанне і карыстанне па дагаворы сублізінгу, не можа перавышаць тэрмін лізінгу па дагаворы лізінгу. Спыненне дагавора лізінгу цягне адначасовае спыненне дагавора сублізінгу. Лізінгадавец мае права выкарыстоўваць прадмет лізінгу ў якасці закладу для забеспячэння выканання абавязацельстваў толькі па крэдытным дагаворы (дагаворы пазыкі), заключаным для аплаты прадмета лізінгу, калі іншае не прадугледжана дагаворам лізінгу. Рызыкі і выгады, звязаныя з перадачай і валоданнем прадметам лізінгу, пераходзяць да лізінгаатрымальніка. Пастанова ўступае ў сілу з 1 ліпеня 2010 года. Дзеянне дакумента не распаўсюджваецца на дагаворы лізінгу, заключаныя да ўступлення яго ў сілу. Гэтыя дагаворы дзейнічаюць на працягу ўказанага ў іх тэрміну і не падлягаюць прывядзенню ў адпаведнасць з патрабаваннямі пастановы №865. Аднак па ўзгадненні бакоў дагавора лізінгу, заключанага да ўступлення ў сілу пастановы, да такога дагавора могуць прымяняцца палажэнні і гэтага дакумента.-0-