У Беларусі пашыраны магчымасці прыцягнення інвестыцый ва ўбытковыя дзяржпрадпрыемствы

10 жніўня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. У Беларусі пашыраны магчымасці прыцягнення інвестыцый ва ўбытковыя дзяржаўныя арганізацыі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці, каментуючы ўказ ад 4 жніўня 2009 года №410, які ўносіць змяненні ва ўказ ад 25 лютага 2008 года №113 "Аб парадку і ўмовах продажу юрыдычным асобам прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў стратных дзяржаўных арганізацый". Новым дакументам выключаны такі крытэр як "устойлівая неплацежаздольнасць". У выніку павялічыцца колькасць арганізацый, на якія будзе распаўсюджвацца дзеянне ўказа, і пашырыцца сфера яго прымянення. Акрамя таго, указ прапісвае замену правядзення дзяржаўнай комплекснай экспертызы інвестыцыйнага праекта ўзгадненнем з рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. У падпарадкаванні (у складзе) гэтых органаў знаходзяцца стратныя дзяржаўныя арганізацыі, і яны (дзяржорганы) з'яўляюцца ініцыятарамі продажу гэтых прадпрыемстваў. Унесенае змяненне ва ўказ будзе спрыяць больш аператыўнаму прыняццю мер для ажыццяўлення продажу юрыдычным асобам маёмасных комплексаў стратных дзяржпрадпрыемстваў, адзначылі ў Дзяржкаммаёмасці. У цэлым рэалізацыя ўказа №410 дазволіць пашырыць сферу прымянення ўказа №113, скараціць колькасць стратных дзяржаўных арганізацый у рэспубліцы, прыцягнуць інвестыцыі ва ўбытковыя дзяржпрадпрыемствы і забяспечыць дадатковае паступленне даходаў у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты.-0-