У Беларусі з 1 чэрвеня падаражэлі жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва
1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі падаражэлі жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 28 мая 2012 года №486 "Аб унясенні змяненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2011 года №138", якая ўступае ў сілу з 1 чэрвеня бягучага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Дакумент прыняты для паэтапнага павышэння ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. Згодна з дакументам тарыф на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння складзе Br60 140 за Гкал (раней - Br53 773 за Гкал), на паслугі халоднага водазабеспячэння - Br900 за куб.м (раней - Br585 за куб.м), каналізацыю - Br550 за куб.м. (раней - Br305 за куб.м).
Цяпер плацяжы сям'і з трох чалавек, якая пражывае ў тыпавой двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 кв.м, з улікам ацяплення вырастуць на Br17 тыс., або на 8,6%, у тым ліку на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння - на Br10 тыс., на паслугі водазабеспячэння і каналізацыі - на Br7 тыс. У прэс-службе нагадалі, што тарыфы для насельніцтва на паслугі водазабеспячэння і каналізацыі не пераглядаліся з лютага 2011 года. Такім чынам, кошт жыллёва-камунальных паслуг для сям'і з трох чалавек, якая пражывае ў тыпавой двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 кв.м, у ацяпляльны перыяд складзе Br216,4 тыс., у летні перыяд - Br137,9 тыс.
У прэс-службе Саўміна падкрэслілі, што з улікам прынятых урадам мер па павышэнні даходаў насельніцтва ў 2012 годзе ўдзельная вага плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі ў даходах сем'яў пры названым павышэнні тарыфаў не павялічыцца.
У беларускім урадзе нагадалі, што разлікамі да закона Беларусі "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год" прадугледжваецца, што за кошт плацяжоў насельніцтва павінна кампенсавацца 35% затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг арганізацыямі сістэмы Мінжылкамгаса. У цяперашні час узровень кампенсацыі затрат складае менш за 13%.
Для павышэння акупнасці жыллёва-камунальных паслуг у краіне прымаюцца меры па зніжэнні сабекошту аказваемых паслуг. Так, па выніках работы за першы квартал бягучага года затраты на аказанне ЖКП насельніцтву ў цэлым зніжаны на 10,5% у супастаўных умовах у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года пры ўстаноўленым заданні не менш чым на 10%. Эканомія затрат склала Br101,5 млрд. Разам з тым ва ўмовах росту затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг па аб'ектыўных прычынах забяспечыць выкананне ўстаноўленага параметра па ўзроўні кампенсацыі затрат насельніцтвам толькі за кошт зніжэння сабекошту паслуг не ўяўляецца магчымым, падкрэслілі ў прэс-службе Савета Міністраў.-0-