У Беларусі з 1 студзеня 2012 года спросціцца парадак утылізацыі кінутых аўтамабіляў

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 1 студзеня 2012 года спросціцца парадак утылізацыі кінутых аўтамабіляў. Адпаведны ўказ № 348 "Аб мерах па арганізацыі збору, захоўвання неэксплуатаваных транспартных сродкаў і іх наступнай утылізацыі" Прэзідэнт Беларусі падпісаў 9 жніўня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Прыняцце дакумента абумоўлена неабходнасцю заканадаўчага рэгулявання арганізацыі захоўвання і збору неэксплуатаваных транспартных сродкаў для наступнай іх утылізацыі.

Указам прадугледжваюцца крытэрыі, па якіх транспартны сродак падлягае ўтылізацыі; парадак выяўлення такіх транспартных сродкаў і ўстанаўленне іх уласнікаў; стымуляванне або прымус уласніка ўтылізаваць неэксплуатаваны транспартны сродак; арганізацыя збору неэксплуатаваных транспартных сродкаў, якія падлягаюць утылізацыі.

Функцыі па выяўленні транспартных сродкаў, якія падлягаюць утылізацыі, і ўстанаўленні іх уласнікаў ускладаюцца на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, у веданні якіх знаходзяцца землі агульнага карыстання населеных пунктаў, прыдамавыя тэрыторыі, двары і прылеглыя тэрыторыі. У той жа час гэта не выключае дэлегавання паўнамоцтваў або стварэння спецыялізаванай арганізацыі, якая будзе выконваць задачы, звязаныя з неэксплуатаванымі транспартнымі сродкамі.

Па інфармацыі аблвыканкамаў, утылізацыі падлягаюць каля 4,5 тыс. транспартных сродкаў, якія выйшлі з ладу (неэксплуатаваныя) і захоўваюцца на землях агульнага карыстання населеных пунктаў, прыдамавых тэрыторыях, дварах і прылеглых тэрыторыях.

Паколькі ўтылізацыя гэтых транспартных сродкаў прадугледжвае альбо іх перапрацоўку, альбо далейшае выкарыстанне ўладальнікам (прычым гэта выкарыстанне не павінна быць звязана з удзелам транспартнага сродку ў дарожным руху), такія дзеянні магчымыя толькі пры ўмове зняцця транспартнага сродку з дзяржаўнага ўліку ў ДАІ.

Па гэтай прычыне ўказам прадугледжана, што ўладальніку транспартнага сродку накіроўваецца паведамленне аб неабходнасці прыбраць транспартны сродак, а таксама паведамляецца аб магчымасці прымянення прымусовага перамяшчэння і змяшчэння транспартнага сродку на ахоўную стаянку.

Уладальніку тлумачыцца парадак захоўвання, зняцця з уліку і ўтылізацыі, а таксама адмовы ад права ўласнасці на транспартны сродак. Такія тлумачэнні будуць давацца пры пастаноўцы транспартнага сродку на дзяржаўны ўлік у падраздзяленнях ДАІ МУС, а таксама Міністэрствам прамысловасці, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў межах мерапрыемстваў прыродаахоўнай накіраванасці, звязаных з выкарыстаннем другасных рэсурсаў.

У выпадку непрыняцця ўладальнікам транспартнага сродку мер па яго перамяшчэнні на ахоўную стаянку на працягу месяца з дня атрымання паведамлення аб магчымасці прымусовай эвакуацыі транспартнага сродку складаецца акт па ўстаноўленай форме і ажыццяўляецца прымусовае перамяшчэнне транспартнага сродку на ахоўную стаянку, аб чым неадкладна інфармуецца яго ўладальнік. На працягу трох месяцаў ён мае права запатрабаваць вярнуць тэхніку, пры гэтым ён павінен пакрыць затраты, звязаныя з прымусовым перамяшчэннем і захоўваннем транспартнага сродку. Таксама ён абавязаны пакрыць гэтыя затраты ў выпадку, калі ім такога патрабавання ва ўстаноўлены тэрмін не заяўлена.

Пры адсутнасці на працягу трох месяцаў ад уладальніка патрабавання аб вяртанні транспартнага сродку мясцовы выканаўчы і распарадчы орган накіроўвае ў суд заяву аб прызнанні транспарту бяспантышным і перадачы ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, а таксама аб пакрыцці затрат, звязаных з прымусовым перамяшчэннем і захоўваннем неэксплуатаванага транспартнага сродку. Пры гэтым прапануецца вызваліць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ад дзяржаўнай пошліны за падачу ў суд названых заяў.

Пры немагчымасці ўстанаўлення ўласнікаў кінутых транспартных сродкаў кампетэнтны орган ажыццяўляе прымусовую эвакуацыю такіх транспартных сродкаў і захоўванне іх на ахоўнай стаянцы, забяспечвае набыццё права ўласнасці на іх ва ўстаноўленым заканадаўчымі актамі парадку і наступную іх утылізацыю. Даходы ад утылізацыі залічваюцца ў адпаведны бюджэт кампетэнтнага органа.

Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2012 года.-0-