У Беларусі зніжаецца ўзрост для абавязковага атрымання пашпарта з 16 да 14 гадоў

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўнесены дапаўненні і змяненні ў пералік адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян (пералік зацверджаны ўказам ад 26 красавіка 2010 года №200). Адпаведны ўказ №197 Прэзідэнт Беларусі падпісаў 19 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Дакумент закліканы максімальна палегчыць вырашэнне грамадзянамі паўсядзённых пытанняў, звязаных з шэрагам адміністрацыйных працэдур. У адпаведнасці з указам прадугледжваецца надзяленне замежных грамадзян, якія часова пражываюць у Беларусі, а таксама грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць за яе межамі, правам на атрыманне пасведчання кіроўцы на права кіравання транспартным сродкам, на яго абмен, выдачу талонаў да яго, а таксама на рэгістрацыю гэтымі катэгорыямі асоб у Беларусі транспартных сродкаў. Замежным грамадзянам, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі і жадаючым займацца паляваннем, прадастаўляюцца правы на набыццё і захоўванне на тэрыторыі Беларусі грамадзянскай зброі і боепрыпасаў, а замежным грамадзянам, якія часова пражываюць у Беларусі, — правы на набыццё на тэрыторыі Беларусі, увоз у краіну і вываз з краіны грамадзянскай зброі і боепрыпасаў. Указам зніжаецца ўзрост грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для абавязковага атрымання пашпарта з 16 да 14 гадоў, што дазволіць непаўналетнім, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, рэалізаваць належачыя ім правы на здзяйсненне асобных юрыдычна значных дзеянняў (напрыклад, уносіць грашовыя сродкі ў банкі і распараджацца імі). Дакументам прадугледжваецца таксама магчымасць ажыццяўлення працэдур па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй у паскораным парадку (за дадатковую плату). Акрамя таго, скасоўваецца шэраг адміністрацыйных працэдур (напрыклад, выдача дазволу на набыццё радыёэлектронных сродкаў, пасведчання аб рэгістрацыі заалагічнай калекцыі) і ўводзяцца новыя адміністрацыйныя працэдуры, неабходныя для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў, прадугледжаных іншымі заканадаўчымі актамі (напрыклад, выдача даведак, неабходных для дзяржаўнай рэгістрацыі садовага доміка альбо гаража, атрыманых па спадчыне, пасведчання эксперта па паляўнічых трафеях). Адмяняецца плата за ажыццяўленне некаторых адміністрацыйных працэдур (напрыклад, афармленне пастаяннага пражывання за межамі краіны грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які не дасягнуў 14-гадовага ўзросту) або змяншаецца памер такой платы (напрыклад, пастаноўка апостыля, выдача паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану). Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.-0-