У Беларусі адбыўся першы электронны аўкцыён
Першы ў Беларусі адкрыты аўкцыён у электроннай форме адбыўся 12 ліпеня 2011 года на гандлёвай пляцоўцы РВУ «Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн» (www.goszakupki.by). Як паведамілі на прадпрыемстве, заказчыкам выступіла РВУ «Маладзечанскі завод металаканструкцый». Прадметам закупкі праведзенага электроннага аўкцыёну стала абсталяванне для зваркі і электрычнай апрацоўкі матэрыялаў. На аўкцыён было пададзена дзве прапановы. Пачатковы кошт кантракту склаў 144 млн рублёў, аднак у ходзе таргоў ён быў зніжаны да 143, 856 млн рублёў. Пераможцам аўкцыёну прызнана ТАА «ВАТРА-ВЕЛД», па ўмовах яно павінна паставіць абсталяванне да 30 ліпеня 2011 года.
На думку арганізатараў, электронныя аўкцыёны маюць бясспрэчныя перавагі перад традыцыйнымі відамі таргоў. Сярод іх: канфідэнцыяльнасць удзельнікаў таргоў, адсутнасць тэрытарыяльных абмежаванняў, празрыстасць і адкрытасць працэсу закупак, эканомія бюджэтных сродкаў і скарачэнне часу на падрыхтоўку дакументаў, арганізацыю і правядзенне таргоў, высокі ўзровень бяспекі і абароны інфармацыі.
Нагадаем, 30 снежня 2010 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ № 708 «Аб правядзенні электронных аўкцыёнаў», згодна з якім дзяржзакупкі тавараў (работ, паслуг) могуць праводзіцца на аўкцыёнах з дапамогай электронных таргоў са зніжэннем цаны.
З 1 сакавіка 2011 года на электроннай гандлёвай пляцоўцы Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь пачалася акрэдытацыя заказчыкаў (арганізатараў, упаўнаважаных арганізацый) і ўдзельнікаў электронных аўкцыёнаў. Для ўдзелу ў іх суб'екты гаспадарання павінны атрымаць сертыфікат адкрытага ключа электроннага лічбавага подпісу. Удастоверачны цэнтр Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн працуе на базе сертыфікаваных сродкаў крыптаграфічнай абароны інфармацыі, якія забяспечваюць канфідэнцыяльнасць і высокую ступень абароны ад несанкцыянаванага выкарыстання даных удзельніка аўкцыёну, падкрэслілі на прадпрыемстве.
Асваенне практыкі ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у электронных аўкцыёнах — гэта яшчэ адзін спосаб прасоўвання айчынных тавараў і паслуг на рынак краін — удзельніц Мытнага саюза, адзначылі ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу і кан'юнктуры цэн. Тут нагадалі, што нацыянальны рэжым дзяржзакупак паміж Расіяй і Беларуссю будзе ўведзены 1 студзеня 2012 года, а з Казахстанам пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2014 года, таму ўсе мерапрыемствы па ўкараненні электронных аўкцыёнаў у нашай краіне плануецца завяршыць да канца бягучага года.