У Беларусі зацверджаны новы парадак арганізацыі часовай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час
25 чэрвеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі зацверджана Палажэнне аб парадку арганізацыі і фінансавання часовай працоўнай занятасці моладзі, якая навучаецца ва ўстановах адукацыі, у вольны ад вучобы час. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове ўрада ад 23 чэрвеня бягучага года №958, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна. Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Каментуючы пастанову №958, кансультант галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна Шчамялёва адзначыла, што яна распрацавана ў выкананне закона ад 7 снежня 2009 года "Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі".
Дзяржаўная служба занятасці арганізуе часовую працоўную занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час і на канікулах з 1999 года. Назапасіліся практыка і вопыт арганізацыі і фінансавання гэтага напрамку дзейнасці, устаноўлены партнёрскія адносіны з органамі адукацыі, унутраных спраў, камісіямі па справах непаўналетніх, суб'ектамі гаспадарання.
Новая рэдакцыя палажэння вызначае парадак арганізацыі і фінансавання часовай працоўнай занятасці моладзі, мэта якой - прыцягненне да грамадска карыснай працы і атрыманне працоўных навыкаў маладымі людзьмі ва ўзросце ад 14 да 31 года. Занятасць забяспечваецца шляхам часовага працаўладкавання на вакансіі наймальнікаў, у тым ліку на часовыя дадаткова створаныя месцы, а таксама праз удзел у рабоце студэнцкіх атрадаў.
Вызначаны парадак і ўмовы фінансавання затрат часовай працоўнай занятасці моладзі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. У прыватнасці, прадугледжана, што дзяржаўная служба занятасці фінансуе затраты наймальнікам бюджэтных арганізацый за кошт сродкаў пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, накіраваных на арганізацыю часовай працоўнай занятасці моладзі. За кошт сродкаў Фонду могуць фінансавацца выдаткі на набыццё спецадзення, інвентару, інструментаў, матэрыялаў, бланкаў працоўных кніжак, аплату працы моладзі. Гатовая прадукцыя выкарыстоўваецца наймальнікам для ўласных патрэб альбо перадаецца бюджэтным арганізацыям на бязвыплатнай аснове.
Дакументам упершыню вызначана, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы могуць фінансаваць мерапрыемствы па забеспячэнні часовай працоўнай занятасці моладзі за кошт сродкаў, выдзеленых на рэалізацыю маладзёжнай палітыкі.
Упершыню ў палажэнні аб часовай працоўнай занятасці моладзі фігуруюць будаўнічыя атрады. У новай рэдакцыі пазначаны тэрміны вызначэння аб'ектаў (відаў і аб'ёмаў работ), на якіх маюць права працаваць студэнцкія атрады. Дарэчы, узгадненне рашэння аб стварэнні студэнцкага атрада ажыццяўляецца ў дзесяцідзённы тэрмін абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі.
Прадугледжаны таксама неабходны пералік дакументаў для прадстаўлення ў аддзел па справах моладзі аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама. Стварэнне і спыненне дзейнасці студэнцкага атрада, паўнамоцтвы кіраўніка, правы і абавязкі ўдзельнікаў студэнцкага атрада, ахова працы ажыццяўляюцца ў парадку, вызначаным Міністэрствам адукацыі па ўзгадненні з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.
Нагадаем, студэнцкія атрады фарміруюцца для выканання канкрэтнай вытворчай задачы. Установы адукацыі, ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", іншыя маладзёжныя грамадскія аб'яднанні штогод не пазней 1 красавіка павінны вызначыць кантынгент маладых грамадзян, якія выязджаюць у складзе студэнцкіх атрадаў. Узгадненне рашэння аб стварэнні студэнцкага атрада ажыццяўляецца ў дзесяцідзённы тэрмін аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам, прычым бясплатна і дзейнічае на працягу тэрміну дзейнасці студэнцкага атрада.
Жанна Шчамялёва паведаміла, што фінансаванне на арганізацыю маладзёжнай часовай занятасці з 2002 года павялічана амаль у 4,5 раза, а за апошнія чатыры гады - больш чым у 2 разы. Прычым магчымасць папрацаваць прадастаўляецца моладзі круглы год, а не толькі ў летні перыяд. У 2009 годзе працаўладкавана амаль 40 тыс. навучэнцаў і студэнтаў у перыяд канікул і вольны ад вучобы час, з якіх 84% - навучэнцы 8-11-х класаў. З сродкаў Фонду сацабароны на гэтыя мэты зрасходавана Br10 млрд. ( заключана 524 дагаворы з рознымі арганізацыямі). Прыярытэтнае права на працаўладкаванне прадастаўляецца дзецям-сіротам, моладзі з няпоўных, шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, а таксама падлеткам, якія стаяць на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх. На 2010 год прадугледжана забяспечыць часовую занятасць у вольны ад вучобы час больш чым 24 тыс. чалавек, на гэтыя мэты запланавана выдзеліць Br9,5 млрд. Найбольш распаўсюджаныя віды часовага працаўладкавання - рамонтна-будаўнічыя работы ў школьных класах і навучальных аўдыторыях, азеляненне тэрыторый, добраўпарадкаванне навучальных устаноў, пашыў швейных вырабаў, выраб мяккіх цацак і сувеніраў, вырошчванне сельгаспрадукцыі.-0-