У Беларусі ўступіла ў сілу новая інструкцыя аб прымусовай эвакуацыі аўтамабіля

В Беларуси вступила в силу новая инструкция о принудительной эвакуации автомобиля

У Беларусі ўступіла ў сілу новая інструкцыя аб прымусовай эвакуацыі аўтамабіля, зацверджаная пастановай Савета Міністраў №986 ад 17 кастрычніка 2014 года.

У інструкцыі апісаны парадак прымусовай эвакуацыі транспартных сродкаў, змяшчэння аўтамабіляў на ахоўную стаянку, адбуксіроўкі без змяшчэння яго на стаянку, а таксама агавораны правілы блакіроўкі кола.

Рашэнне аб прымусовай адбуксіроўцы (эвакуацыі) транспартнага сродку і змяшчэнні яго на ахоўную стаянку прымаюць супрацоўнікі ДАІ, упаўнаважаныя складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пры гэтым дзяржаўтаінспектар абавязаны агледзець аўтамабіль у прысутнасці ўладальніка або яго прадстаўніка (калі гаспадар не знойдзены, то ў прысутнасці не менш за дваіх панятых) і скласці адпаведны пратакол. Па магчымасці праводзіцца фота- або відэаздымка, матэрыялы якой далучаюцца да справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пратакол складаецца ў трох экзэмплярах, першы з якіх застаецца ў супрацоўніка ДАІ, другі - на ахоўнай стаянцы, трэці прызначаны для ўласніка транспартнага сродку.

У інструкцыі адзначана, што доступ уладальніка аўтамабіля або прадстаўніка ўласніка да прымусова адбуксіраванага транспартнага сродку на стаянцы дапускаецца кругласутачна, але толькі ў прысутнасці ахоўніка стаянкі. Машына вяртаецца ўладальніку па першым патрабаванні, прычым адмова ў сувязі з невыкананнем пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, нежаданнем плаціць за паслугі стаянкі і эвакуатара не дапускаецца. Для атрымання аўто трэба мець пры сабе дакументы на транспартны сродак і пасведчанне кіроўцы. Кіроўцам у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янэння машыну не вернуць.

Пры вяртанні транспартнага сродку па патрабаванні ўласніка павінен быць праведзены паўторны агляд машыны, складзены адпаведны акт. Аплата паслуг па прымусовай адбуксіроўцы і захоўванні машыны праводзіцца ў органах унутраных спраў або іншай арганізацыі, якой належаць сродак эвакуацыі і ахоўная стаянка. У выпадку адмовы сума спаганяецца ў судовым парадку.

Аўтамабіль падлягае эвакуацыі, калі ён з'яўляецца перашкодай для іншых транспартных сродкаў, руху, работы транспарту аператыўнага прызначэння або дарожна-эксплуатацыйнай, камунальнай службаў. Пры гэтым асобы, якія прынялі рашэнне аб эвакуацыі, павінны да адбуксіроўкі прыняць магчымыя меры па інфармаванні ўласніка аўто аб неабходнасці ліквідацыі ім створанай перашкоды.

Дакументам таксама прадугледжана: супрацоўнік ДАІ ў выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі, мае права заблакіраваць кола транспартнага сродку, калі кіроўца не знаходзіцца ў транспартным сродку або ў непасрэднай блізкасці ад яго. Блакіруецца пярэдняе левае кола, калі гэта немагчыма - любое кола транспартнага сродку, доступ да якога найбольш зручны. Аб блакіроўцы кола аўтамабіля адразу ж інфармуецца аператыўна-дзяжурная служба тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў па месцы здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння. Калі блакіруецца не пярэдняе левае кола, таксама інфармуецца і ўладальнік транспартнага сродку.

Зняцце блакіроўкі адбываецца ў прысутнасці ўласніка аўто або ўпаўнаважанай ім асобы па першым патрабаванні пасля прад'яўлення дакументаў на машыну і пасведчання кіроўцы.

Кар. БЕЛТА