У Беларусі выбралі найлепшыя бібліятэкі, адна з іх – у Шаркаўшчыне

В Беларуси выбрали лучшие библиотеки, одна из них – в Шарковщине
Шаркаўшчынская цэнтральная раённая бібліятэка – пераможца XXVII Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» у намінацыі «За пошукавую і даследчую працу». Дыплом за першае месца шаркаўчанам уручылі падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Слоніме.

 

– Высокая ўзнагарода – вынік карпатлівай працы ўсяго калектыву, і ў першую чаргу супрацоўнікаў аддзела бібліятэчнага маркетынгу, якія больш за год даследавалі творчую спадчыну выдатнага мастака, этнографа, фалькларыста Язэпа Драздовіча, – кажа дырэктар Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Фромертас. – Да працы па стварэнні адзінага ў сваім родзе бібліяграфічнага дапаможніка «Вандроўнік. Доўгае вяртанне» прыступілі ў рамках святкавання 130-годдзя з дня яго нараджэння і скончылі толькі на пачатку гэтага года.

Дапаможнік уключае тры раздзелы, якія адлюстроўваюць літаратурную спадчыну Язэпа Нарцызавіча, значэнне літаратуры ў яго жыцці, творчай дзейнасці. Таксама ёсць інфармацыя пра музей, названы ў гонар земляка, мастацкія выставы і пленэры, прысвечаныя яго памяці. У зборніку прадстаўлены карціны мастака, многія з выяў ніколі раней не публікаваліся.

– У адным выданні сабралі звыш 480 бібліяграфічных запісаў, найбольш ранні з якіх адносіцца да 1908 года, – працягвае Алена Цімафееўна. – Уключылі інфармацыю пра ўсе наяўныя кнігі, брашуры пра Драздовіча, не забыліся нават пра паштоўкі. Усе яны ў той ці іншай меры раскрываюць тэму творчасці мастака, яго бачанне свету. Адгэтуль тым, хто вывучае працы Язэпа Нарцызавіча, будзе значна прасцей адшукаць патрэбны матэрыял.

Уступныя артыкулы для бібліяграфічнага дапаможніка напісалі член Беларускага саюза мастакоў, выкладчык Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Крук і вядомы ў раёне краязнавец Кліменцій Кожан, які шмат гадоў даследуе творчасць Драздовіча, вывучаючы архіўныя дакументы, успаміны мясцовых старажылаў.

Апроч таго, на рэспубліканскім конкурсе быў прадстаўлены інфармацыйны зборнік «Адсюль твой пачатак і тут твой працяг», які падрабязна распавядае пра жыццё Язэпа Драздовіча на шыркаўшчынскай зямлі. Друкаванае выданне дапоўнена схемай-картай нядаўна распрацаванага турыстычнага маршруту «Сцежкамі Драздовіча», аповядам пра Германовіцкі мастацка-этнаграфічны музей імя Я. Драздовіча, культурна-асветніцкі цэнтр, які таксама носіць імя вандроўнага мастака.

Да ўзнагароды за першае месца ў рэспубліканскім конкурсе прыкладалася грашовая ўзнагарода ў памеры 50 базавых велічынь, якую шыркаўчане выдаткавалі на сучасную аргтэхніку, мэблю, мабільны стэлаж для правядзення тэматычных выстаў.

«Віцебскія весці». Фота носіць ілюстрацыйны характар.