У Беларусі за травень выяўлена 52 выпадкі ВІЧ-інфекцыі
9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў маі бягучага года выяўлена 52 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле прафілактыкі ВІЧ/СНІДу Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Дарэчы, у сакавіку гэтага года было зафіксавана 96 выпадкаў ВІЧ, у красавіку - 78, а ў цэлым з пачатку 2010 года гэты дыягназ устаноўлены 406 пацыентам.
Сярод рэгіёнаў рэспублікі ў маі, як і ў папярэднія месяцы, па колькасці выпадкаў ВІЧ-інфекцыі лідзіруе Гомельская вобласць (32). Уклад Светлагорска і Светлагорскага раёна ў сумную маёўскую ВІЧ-статыстыку - адпаведна 11 і 4 выпадкі інфікавання, Калінкавічаў і Калінкавіцкага раёна - 4 і 1, Жлобіна і Жлобінскага раёна - 3 і 2, Гомеля - 3.
У Мінскай вобласці за май бягучага года выяўлена 8 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (з іх 3 - у Салігорску і Салігорскім раёне), у Мінску і Гродзенскай вобласці - па 4 выпадкі. У Віцебскай вобласці дыягназ ВІЧ-інфекцыя ўстаноўлены 3 разы, у Магілёўскай - 1 раз, а ў Брэсцкай вобласці не было зафіксавана ў маі ніводнага выпадку інфікавання ВІЧ.
Па аператыўных даных, у Беларусі на 1 чэрвеня бягучага года агульная колькасць зарэгістраваных у Беларусі выпадкаў ВІЧ-інфекцыі дасягнула 11 тыс. 96 (адлік вядзецца з 1987 года, калі дыягназ ВІЧ быў пастаўлены першаму пацыенту).-0-