У Беларусі за выпальванне сухой травы прадугледжаны штраф да 40 базавых велічынь
На тэрыторыі Беларусі забаронена выпальванне сухой расліннасці і пожніўных рэшткаў.
Палы згубныя для насякомых, прыводзяць да знішчэння месцаў пражывання птушак і жывёл, дэградацыі земляў. У агні згараюць не толькі пустазелле, але і карысныя расліны, што збядняе відавы склад. На ўсёй тэрыторыі, дзе прайшлі палы, не будзе ранейшага разнатраўя, пустазелле захапіць вызваленую тэрыторыю. Часта палы прыводзяць да ўзгарання тарфянікаў, лясоў, жылых і гаспадарчых пабудоў.
Як паведаміў начальнік аддзела абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Каралёў, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці прадугледжаны штраф ад 10 да 40 базавых велічынь. У мінулым годзе экалогамі выяўлена 17 правапарушэнняў, агульная сума штрафаў склала 1,4 тыс. руб.