У Беларусі закрытымі на карантын з-за грыпу і ОРВІ застаюцца 4 школы
24 сакавіка, Мінск /Вольга Швайко - БЕЛТА/. У Беларусі, паводле даных на 24 сакавіка, зачыненымі на карантын з-за высокай захваральнасці на грып і ОРВ застаюцца толькі чатыры школы, у Віцебску і Віцебскім раёне. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Інна Карабан.
Паводле яе слоў, у гэтым годзе эпідэмія вірусных захворванняў доўжыцца ўжо 10-ы тыдзень, тады як у мінулым сезоне яна працягвалася 5 тыдняў. На дадзены момант у Беларусі ідзе спад захваральнасці. Так, на працягу мінулага тыдня ў рэспубліцы было зарэгістравана звыш 67 тыс. выпадкаў грыпу і ОРВ. Гэта на 25,7% ніжэй у параўнанні з папярэднім і на 29,2% вышэй, чым у аналагічны перыяд 2008 года. "Згодна з прагнозам, ужо ў бліжэйшы час проціэпідэмічныя мерапрыемствы па прафілактыцы грыпу і ОРВ у рэспубліцы будуць адменены", - сказала Інна Карабан.
Пакуль жа проціэпідэмічныя мерапрыемствы па прафілактыцы грыпу і ОРВ працягваюцца ў 5 гарадах: Барысаве, Салігорску, Наваполацку, Віцебску і Оршы, а таксама ў 13 раёнах рэспублікі.
Навучальныя заняткі прыпыняліся ў 404 агульнаадукацыйных установах, у 400 з іх урокі ўжо адноўлены.
Усяго за перыяд эпідэміялагічнага маніторынгу з 6 кастрычніка 2008 года ў Беларусі захварэлі на грып і ОРВ 1 млн. 375 тыс. 839 чалавек. Гэта на 6,7% вышэй, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Удзельная вага хворых дзяцей за ўвесь перыяд назірання склала 60%. Шпіталізавана ўсяго 1,3% тых, хто звярнуўся па медыцынскую дапамогу, сярод шпіталізаваных - 81,7% дзяцей ва ўзросце да 17 гадоў.-0-