У Беларусі завяршаецца распрацоўка праекта плана па лібералізацыі эканомікі ў 2010 годзе

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі завяршаецца распрацоўка праекта плана мерапрыемстваў па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці ў 2010 годзе. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур сёння на XI Асамблеі дзелавых колаў Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У дакуменце прадугледжана далейшае ўдасканаленне адміністрацыйных працэдур, нарматыўных актаў, стандартаў. "Размова ідзе аб тым, каб пашырыць магчымасці малога прадпрымальніцтва па карыстанні пазыковымі сродкамі, аб стварэнні ў рэспубліцы гарантыйных фондаў, якія возьмуць на сябе абавязацельствы па забеспячэнні вяртання крэдытаў", - растлумачыў Андрэй Тур. Пры падрыхтоўцы плана лібералізацыі на 2010 год Мінэканомікі разгледзела цэлы шэраг прапаноў з боку прадстаўнікоў бізнесу. "Нейкія рэчы мы рэалізуем, нейкія абмяркоўваем, нейкія ва ўмовах крызісу зрабіць пакуль не ўдаецца", - адзначыў намеснік міністра. "Міністэрства эканомікі выходзіць на дадзеную асамблею з дакладнай устаноўкай, што ў сучасных умовах мы павінны прапанаваць бізнес-супольнасці актыўна, разам, кансалідавана вырашаць тыя праблемы, якія існуюць у эканоміцы. Гэта асабліва важна ва ўмовах, калі мы выходзім з крызісу і нам асабліва важныя высокія тэмпы эканамічнага развіцця", - сказаў Андрэй Тур. Пры гэтым ён падкрэсліў, што дзяржава зацікаўлена, каб прыватны бізнес быў шырока прадстаўлены ва ўсіх сферах, аднак бізнес сам павінен вызначыцца, у якую сферу прыйсці. "У цэлым мы лічым, што тыя ўмовы, якія ствараліся і цяпер ствараюцца ў краіне, павінны спрыяць развіццю прадпрымальніцтва - буйнога, сярэдняга, прыватнага, як дзяржаўнага, так і недзяржаўнага", - рэзюмаваў намеснік міністра эканомікі.-0-