У беларуска-расейскім дасьледаваньні "Мэнэджмэнт выхаваньня" бяруць удзел 18 школаў Віцебскай вобласьці

19 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Васемнаццаць школ і гімназій Віцебскай вобласці прымаюць удзел у міжрэгіянальным беларуска-расійскім даследаванні "Менеджмент выхавання", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прарэктар па арганізацыйна-метадычнай рабоце Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларыса Зянькова. Даследчы праект прадугледжвае распрацоўку навукова-метадычных уяўленняў і практычных рэкамендацый па эфектыўным кіраванні працэсам выхавання дзяцей у адукацыйных установах. Актуальнасць тэмы звязана з тым, што ва ўмовах інавацыйнага развіцця сучаснай школы, неабходнасці адаптацыі выхаваўчага працэсу да сучасных умоў значна павышаецца роля кіраўніцкіх кампетэнцый педагогаў. "Мы жывём у новай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі, таму выхаванне павінна ісці па-новаму з улікам рэалій сённяшняга дня, гэты працэс павінен быць больш мэтанакіраваным, асобасна і індывідуальна арыентаваным", - адзначыла Ларыса Зянькова. Пры гэтым сістэма адукацыі адчувае патрэбу ў навукова-метадычным забеспячэнні кіравання выхаваўчым працэсам, аднак менеджмент працэсу выхавання як вобласць пазнання і пераўтварэння практыкі выхавання знаходзіцца ў працэсе распрацоўкі і фарміравання. Асноўнай мэтай даследавання з'яўляецца фарміраванне ўяўлення аб "менеджменце працэсу выхавання" як эфектыўным кіраванні выхаваўчай дзейнасцю адукацыйнай установы і апрабаванне магчымасцей менеджменту ў практыцы выхавання падрастаючага пакалення. Акрамя віцебскіх школ і абласнога інстытута развіцця адукацыі ў праекце прымаюць удзел установы адукацыі 12 рэгіёнаў Расіі. Усе яны выступаюць асноўнай базай доследна-эксперыментальнай работы па распрацоўцы падыходаў, форм і спосабаў эфектыўнага кіравання працэсам выхавання дзяцей. Фактычна гаворка ідзе аб фарміраванні сучаснай культуры кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыйных установах, якая праз сістэму павышэння кваліфікацыі работнікаў адукацыі павінна быць укаранёна ў педагагічных калектывах. Праект разлічаны на пяць гадоў і прадугледжвае ў якасці выніку распрацоўку праграмы спецкурсу "Менеджмент выхавання" для кіраўнікоў і педагогаў адукацыйных устаноў, а таксама выданне вучэбна-метадычнага дапаможніка "Менеджмент выхавання, або як эфектыўна кіраваць выхаваўчым працэсам". Прагназуемыя вынікі даследчай дзейнасці, па словах Ларысы Зяньковай, будуць спрыяць абнаўленню і павышэнню эфектыўнасці практыкі выхавання дзяцей ва ўстановах адукацыі.-0-