У Берліне праходзіць выстава беларускага мастака Андрэя Духоўнікава «Віцебскія імпрэсіі».

В Берлине проходит выставка белорусского художника Андрея Духовникова «Витебские импрессии»
Выстава беларускага мастака, дырэктара Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэя ДУХОЎНІКАВА «Віцебскія імпрэсіі» 6 студзеня адкрылася ў Берліне, у культурным цэнтры акругі Марцан-Хелерсдорф.

Выстава беларускага мастака, дырэктара Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэя ДУХОЎНІКАВА «Віцебскія імпрэсіі» 6 студзеня адкрылася ў Берліне, у культурным цэнтры акругі Марцан-Хелерсдорф.

У экспазіцыю ўвайшло каля 40 графічных работ мастака, большасць з якіх прысвечаны Віцебску. У працах Духоўнікава, як правіла, зусім не працуюць законы зямнога прыцягнення: лініі і штрыхі ляцяць угору, віцебскія старадаўнія будынкі, вежы і царквіны намаляваны схематычна, яны могуць нахіліцца, прысесці ў рэверансе або кружыцца, нібы ў танцы, – пад мелодыю, вядомую аднаму аўтару. Дарэчы, выстава адкрылася пад жывую музыку – гукі саксафона (граў саксафаніст з Беларусі Андрэй Лакісаў, які пражывае ў Берліне).

Мастак Андрэй Духоўнікаў – кароткая біяграфія:

Андрэй Духоўнікаў нарадзіўся ў 1966 годзе ў мястэчку Ленгер на поўдні Казахстана (былая Чымкенцкая вобласць), дзе, па яго ўспамінах, была незвычайна прыгожая прырода, горы Цянь-Шань. Там Андрэй Духоўнікаў і пачаў маляваць – капіраваў рэпрадукцыі, фотаздымкі. У 16 гадоў пераехаў з бацькамі ў Беларусь, скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педінстытута імя С.М.Кірава (цяпер – ВДУ ім. П.М.Машэрава), працаваў у гімназіі, дзе рабіў цікавыя праекты з вучнямі, паралельна шмат выстаўляўся. Ні на адзін дзень не спыняючы маляваць, Андрэй выпрацаваў сваю індывідуальную творчую манеру, якая прыйшлася даспадобы многім аматарам выяўленчага мастацтва з Віцебска і іншых гарадоў і краін, куды па прыватных калекцыях разыходзяцца працы мастака.

У дзень адкрыцця вернісажу прадстаўнікі нямецкага і беларускага бакоў цёпла віталі гасцей – прадстаўнікоў адміністрацыі акругі Марцан-Хелерсдорф, гарадскіх устаноў культуры і грамадскіх арганізацый, творчай інтэлігенцыі, беларусы прадставілі публіцы таленавітага віцебскага мастака Андрэя Духоўнікава. Прысутным былі прапанаваны інфармацыйныя матэрыялы пра Віцебск, турыстычны патэнцыял Беларусі.

З творчасцю Андрэя Духоўнікава жыхары Берліна змогуць пазнаёміцца да 25 лютага.

Таццяна Салаўёва, ANTRAKT.BY