У Бешанковічах адкрылі дзіцячы дом сямейнага тыпу

В Бешенковичах открыли детский дом семейного типа
У Бешанковічах урачыста адкрыты дзіцячы дом сямейнага тыпу. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, намеснік старшыні Вячаслаў Дурноў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Дзмітрый Хома, старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна Унуковіч.

Будаўніцтва дома па вуліцы Раманава ў горпасёлку доўжылася са студзеня па кастрычнік бягучага года. Дом разлічаны на пражыванне ад пяці да дзесяці дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі дарослых, і бацькоў-выхавальнікаў. У раёне гэта ўжо другі па ліку дзіцячы дом сямейнага тыпу, першы быў адкрыты ў 2014 годзе ва Уле.

Добраўпарадкаваны двухпавярховы катэдж плошчай 234 кв. метры, жылы – больш за 88 кв. м разлічаны на пражыванне да дзесяці дзяцей. Дом абсталяваны неабходнай мэбляй, бытавой тэхнікай, электраасвятляльнымі прыборамі, прадметамі інтэр'еру і гаспадарчага прызначэння і цалкам гатовы да пражывання на ўсе сто працэнтаў. На ўзвядзенне і добраўпарадкаванне аб'екта, пабудаванага ў рамках інвестыцыйнай праграмы вобласці, асвоена каля 785 тысяч рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, удакладнілі ў райвыканкаме. Работы выконвала дзяржпрадпрыемства «Бешанковіцкая ПМК-41».

Не абышлося і без спонсарскай дапамогі. Падтрымку аказалі абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду, ЧПУП «Палімерканструкцыя», ААТ «Віцебскія дываны», РУПТП «Аршанскі льнокамбінат», ТАА «Вітконпрадукт», грамадскія аб'яднанні, установы раёна.

Жыхарка Бешанковіцкага раёна Алена Калеснікава перад тым, як стаць прыёмнай мамай, каля 30 гадоў адпрацавала настаўнікам хіміі і біялогіі і сацыяльным педагогам у Ржаўскай сярэдняй школе імя М. Гелавані і іншых установах адукацыі. У дзіцячым доме сямейнага тыпу выхаванкамі жанчыны стануць сем дзяўчынак з Бешанковіцкага раёна, якія пазбавіліся па розных прычынах бацькоўскай апекі. Старэйшай Анжаліцы 15 гадоў, малодшай Маргарыце – 5.

У Алены Калеснікавай ёсць уласная дарослая дачка Яніна, якая ўжо гадуе траіх уласных дзяцей. Алена ўпершыню стала прыёмнай мамай. А яе выхаванкі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, разам з утульным новым жыллём здабудуць цёплы сямейны ачаг, цяпло і клопат.

Дзяцей павіншавалі Дзед Мароз і Снягурка. Дзяўчынкам уручылі навагоднія падарункі і накрылі святочны стол.


"Віцебскія весці"