У Бешанковіцкім раёне дадзены старт рэспубліканскай акцыі ГА «Беларускі саюз жанчын» «Гістарычны квэст. Памяць сэрца».
З добрай місіяй наведалі раён прадстаўніцы Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». Менавіта на нашай бярозкаўскай зямлі быў дадзены старт рэспубліканскай акцыі ГА «БСЖ» «Гістарычны квэст. Памяць сэрца» па доглядзе за магіламі бацькоў, якія выхавалі людзей, што праславілі Рэспубліку Беларусь.
У акцыі прынялі ўдзел старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «БСЖ» Алена Мартынава, яе намеснік Ірына Капшуль, члены раённай арганізацыі ГА «БСЖ» старшыня раённага выканаўчага камітэта Галіна Унуковіч, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Ждановіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Апанасёнак. Удзельнічаў у мерапрыемстве і намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Філіпенка. Усе разам добраўпарадкавалі месцы пахаванняў бацькоў нашых знакамітых землякоў – скульптара Івана Казака і мастака Анатоля Ткачонка.
На гарадскіх могілках у райцэнтры добраахвотнікі добраўпарадкавалі месца пахавання маці і бабулі Івана Казака, усклалі кветкі да помнікаў. Папрацавалі і на магіле бацькі Анатоля Ткачонка, што знаходзіцца на могілках паблізу вёскі Селішча (пафарбавалі помнік, агароджу, прыбралі леташнюю лістоту).