У Білеве створаны пажарны аварыйна-выратавальны пост
Як адзначыў падчас адкрыцця ПАСП-12 старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, забудова мікрараёнаў Білева-1,2,3 падыходзіць да завяршэння, пасля поўнага засялення там будуць пражываць больш за 30 тыс. чалавек.
Далей пачне развівацца мікрараён Сакальнікі, дзе праектам у перспектыве прадугледжана размяшчэнне 57 тыс. жыхароў. Гэта мае на ўвазе развіццё інфраструктуры, будаўніцтва дарог, крам, дзіцячых садкоў і гэтак далей. Але да гэтага часу існавала яшчэ адна праблема, падкрэсліў Віктар Паўлавіч: новабудоўлі былі аддалены ад падраздзяленняў Віцебскага ГРАНС, што стварала складанасці для аператыўнага рэагавання на надзвычайныя здарэнні. Цяпер сітуацыя змянілася.
ПАСП-12 размясціўся ў былых памяшканнях спецкамбіната
грамадзянскага абслугоўвання насельніцтва, які, у сваю чаргу, перабазіраваўся ў
вызваленае пасля аптымізацыі гарадской сістэмы ЖКГ будынак Кастрычніцкага
ЖРЭУ. Вядома, ратавальнікі прапісаліся па новым адрасе не адразу: збудаванні
запатрабавалі сур'ёзнай мадэрнізацыі. Пакуль завяршыўся толькі яе першы этап,
які доўжыўся каля трох месяцаў, растлумачыў начальнік Віцебскага ГРАНС Віталь
Пазнякевіч. Але ўсё неабходнае для таго, каб асабовы склад
аварыйна-выратавальнага паста пад кіраўніцтвам Арцёма Валуйскіх паспяхова выконваў
свае задачы, там ужо маецца.
Для работнікаў МНС добраўпарадкавалі цёплыя камфортныя бытавыя памяшканні, тэхніка размясцілася ў адрамантаваных боксах. Ацяпляе іх новая кацельня, дзе, дарэчы, устаноўлена айчыннае абсталяванне.
Штодня на ПАСП-12 будуць несці дзяжурства чатыры чалавекі. У іх распараджэнні дзве сучасныя пажарныя аўтацыстэрны — 5- і 10-тонавая.
— Горад развіваецца, яму патрэбна надзейная абарона. Мы яе арганізуем, — пракаментаваў адкрыццё пажарнага аварыйна-выратавальнага паста Аляксандр Клобук, пажадаўшы калегам добрай службы і сухіх рукавоў.
Лілія Іўчанка. Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА. «Віцебскія весці».