У Браславе ідзе маштабная рэканструкцыя электрасетак

Гараджане не маглі не заўважыць, што пачалася рэканструкцыя электрычных сетак. У апошні раз яна праводзілася з заменай апор і правадоў у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Сёння прыйшоў час абнаўлення паветраных ліній. Па словах начальніка Браслаўскага РЭС Руслана Лапко, да гэтай падзеі супрацоўнікі арганізацыі пачалі рыхтавацца яшчэ з восені 2017 года: займаліся актамі выбаркі зямлі, праектамі. Цяпер адзін з асноўных праектаў ужо рэалізуецца па вуліцы Гагарына. Агульны выгляд набярэжнай значна псавала паветраная лінія напружаннем 10 кВ, таму было прынята рашэнне дэмантаваць яе і замяніць на падземны кабель, у тым ліку і на пляцоўцы, дзе праводзіцца традыцыйны музычны фестываль «Віва Браслаў».

Таксама ў розных частках горада пачалася замена маральна састарэлых нізкавольтавых ліній. На гэтым тыдні працоўны дэсант электраманцёраў стаў абнаўляць лініі электраперадач па вул. Савецкай, Кірава, Энгельса, Ленінскай, Кастрычніка і прылеглых да іх завулках. А ў цэлым рэканструкцыя сетак з заменай апор і правадоў адбудзецца агульнай працягласцю звыш 20 кіламетраў. У мэтах бяспекі і паляпшэння якасці напружання правады на рамонтных участках у гарадской рысе электрыкі мантажуюць цяпер ізаляваныя і большага, чым старыя, папярочнага сячэння.
Акрамя таго, персанал РЭС прыступіў да капітальнага рамонту з частковай заменай абсталявання дзевяці закрытых трансфарматарных падстанцый, а пяць падстанцый і зусім заменяць новымі. У раёне дзіцячага садка № 3 для большай надзейнасці электразабеспячэння і павышэння электрабяспекі зараз, да прыкладу, праводзіцца рэканструкцыя ліній, капрамонт будынка падстанцыі, абнаўляецца абсталяванне, другая ж, што размяшчаецца побач, будзе знесена.

У рэканструкцыі электрычных сетак Браслава, акрамя супрацоўнікаў Браслаўскага РЭС, задзейнічаны яшчэ чатыры брыгады электраманцёраў і будаўнікоў з усёй вобласці — усяго больш за пяцьдзесят чалавек.

— Мы разумеем, — кажа Руслан Лапко, — што адключэнне электраэнергіі цягне за сабой пэўныя нязручнасці і для жыхароў горада, і для арганізацый. Таму замена паветраных ліній будзе адбывацца па частках: дэмантуецца такі яе ўчастак, каб на працягу працоўнага дня пабудаваць новы. Пры гэтым у дзень напярэдадні адключэння лініі на пэўным участку абаненты атрымаюць SMS-апавяшчэнне, зразумела, тыя, хто падключыў гэту бясплатную паслугу. Будаўнікі і электраманцёры будуць прыкладаць усе намаганні, каб максімальна хутка завяршыць мантаж кожнага новага ўчастка і падаць напружанне спажыўцам. Нягледзячы на нязручнасці, мы павінны максімальна выкарыстоўваць той шанец, які дзякуючы «Дажынкам» сёння ёсць, бо абнаўляць электрасеткі ўсё роўна неабходна.