У Браславе адкрылі новы разлікова-касавы цэнтр РУП «Віцебскэнерга»

В Браславе открыли новый расчетно-кассовый центр РУП «Витебскэнерго»
Энергетыкі Віцебшчыны падрыхтавалі свой падарунак да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі – у Браславе запрацаваў новы разлікова-касавы цэнтр РУП «Віцебскэнерга».

 

Ён стаў чатырнаццатым на тэрыторыі вобласці. Як адзначыў начальнік упраўлення збыту энергіі ДВА «Белэнерга» Віктар Жыткевіч, які прыехаў на ўрачыстасць з нагоды адкрыцця РКЦ, гэта лепшы паказчык па рэспубліцы. Усяго ў Беларусі такіх цэнтраў 32.

– Адкрыццё новага разлікова-касавага цэнтра з'яўляецца працягам палітыкі дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Белэнерга» па павышэнні якасці абслугоўвання грамадзян і юрыдычных асоб, а менавіта, забеспячэнні даступнасці падключэння да электрычных сетак энергасістэмы, празрыстасці адносін бакоў, укараненні інфармацыйных тэхналогій, – падкрэслівае Віктар Віктаравіч.

Раней Браслаўскі раённы вытворча-збытавы ўчастак філіяла «Энергазбыт» размяшчаўся ў невялікім па плошчы былым жылым доме. Тут цяжка было стварыць неабходныя ўмовы для якаснага аказання паслуг спажыўцам. Таму было прынята рашэнне рэканструяваць іншае, больш прыдатнае памяшканне. Будаўнічыя работы пачаліся ў ліпені, і за тры месяцы непрыкметны будынак цалкам знешне ператварыўся – стаў упрыгожаннем гарадской вуліцы.

Дарэчы, раней таксама да святаў хлебаробаў новыя РКЦ адкрываліся ў сталіцах «Дажынак» – у Сянне, Дубровне, Верхнядзвінску.

– І ў гэты раз мы не парушаем традыцыю, – канстатуе галоўны інжынер філіяла «Энергазбыт» РУП «Віцебскэнерга» Алег Савінкоў.

 

 

 

 

 

 

 

 

Наведнікаў новага разлікова-касавага цэнтра сустракае святлодыёдная шыльда, якая дазваляе, нават не заходзячы ў памяшканне, атрымаць даведачную інфармацыю. А больш падрабязна яе можна даведацца ў зале ў аператара або самастойна. У РКЦ укаранёна сучаснае праграмнае забеспячэнне, пашыраны каналы сувязі, устаноўлены прылады аўтаматычнага апавяшчэння абанентаў і іншыя тэхнічныя сродкі, якія дазваляюць прадастаўляць усе паслугі на высокім узроўні. Тут можна ўдакладніць разлікі па дагаворы, зрабіць плацяжы наяўнымі грашыма або праз тэрмінал з дапамогай пластыкавых картак, заключыць і перааформіць дагавор электразабеспячэння, атрымаць даведку, аформіць ільготу па аплаце, падаць заяўку на праверку прыбора ўліку, перайсці на дыферэнцыраваны тарыф, выканаць падключэнне электрасустановак.

Неабходная інфармацыя размешчана і на стэндах. У зале абслугоўвання таксама ўстаноўлены відэапанэль і інфармацыйны тэрмінал, які дазваляе па нумары асабовага рахунку самастойна паглядзець усе дадзеныя. Тут жа прадстаўлены ўзоры распаўсюджаных статычных шматтарифных прыбораў уліку і шафаў нізкавольтавага ўліку, якія вырабляюцца РВУП «Віцебскэнерга». Наведнікі маюць магчымасць паставіць ацэнку якасці аказаных паслуг.

Зручна і тое, што тры падраздзяленні энергасістэмы (электрычныя сеткі, энергазбыт і дзяржэнергогазнагляд) размешчаны на адной тэрыторыі.

– Зона абслугоўвання разлікова-касавага цэнтра – больш за 16 тыс. абанентаў, 593 населеныя пункты. Наш край прывабны для жыцця і адпачынку, будуюцца новыя дамы, лецішчы, людзі часта звяртаюцца па пытаннях падключэння да электрычнай сеткі, таму наведнікаў у РКЦ нямала. Важна, каб яны сыходзілі задаволенымі, – лічыць начальнік браслаўскага ўчастка РКЦ Вячаслаў Салонінка.

Адкрыццё разлікова-касавага цэнтра, па словах старшыні Браслаўскага райвыканкама Аляксандра Баданіна, стала значнай падзеяй для горада. Кіраўнік рэгіёну выказаў падзяку энергетыкам і за іх уклад у энергазберажэнне, у прыватнасці, устаноўку энергазберагальных ліхтароў.

Кульмінацыяй цырымоніі стала перадача будаўнікамі новым гаспадарам сімвалічнага ключа, разразанне чырвонай стужкі і запуск у неба 14 блакітных паветраных шароў.

Па традыцыі перад уваходам у РКЦ высадзілі туі, а самадзейныя артысты разыгралі сцэнкі з гісторыі Браслава і запрасілі гасцей урачыстасці на старадаўні беларускі танец.

"Віцебскія весці".