У Браславе прайшла рабочая сустрэча кіраўнікоў памежных ведамстваў Беларусі і Латвіі

Старшыня Дзяржпамежкамітэта Беларусі Леанід Мальцаў і начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы МУС Латвіі Нармундс Гарбарс абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння паміж памежнымі ведамствамі дзвюх краін. У выніку былі вызначаны напрамкі далейшага супрацоўніцтва і падпісана міжведамаснае палажэнне, якое рэгламентуе некаторыя моманты двухбаковых расследаванняў памежных інцыдэнтаў.

Як паведамілі ў прэс-службе Полацкага пагранатрада, акрамя гэтага, госці азнаёміліся з інфраструктурай органаў памежнай службы, тэхнічнымі сродкамі аховы мяжы і ўзбраеннем ваеннаслужачых, пабываўшы на памежнай заставе «Плюсы», якая кантралюе трыццацікіламетровы ўчастак мяжы з Латвіяй. Таксама ў дэлегацый была магчымасць наведаць аўтадарожны пункт пропуску «Грыгораўшчына» ў Верхнядзвінскім раёне, рэканструкцыя якога завяршылася ў мінулым годзе. Цяпер у асноўным калідоры на беларуска-латвійскай мяжы выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі, якія дазволілі ўдасканаліць працу ўсіх задзейнічаных службаў, у чым прадстаўнікі дэлегацый дзвюх краін змаглі пераканацца асабіста.

Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці".