У Браславе сталічныя медыкі правялі майстар-клас у аперацыйнай

Браслаўская ЦРБ прымала хірургаў з суседніх рэгіёнаў. На навукова-практычную канферэнцыю прыехалі прадстаўнікі Верхнядзвінскага, Мёрскага, Пастаўскага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага, Чарніцкага і Талачынскага раёнаў, Оршы, Полацка і Наваполацка.


Цікавасць да мерапрыемства выклікала яго тэма «Сучасныя тэхналогіі амбулаторнай хірургіі і хірургіі кароткатэрміновага знаходжання» — актуальная як для медыцыны, так і для насельніцтва. Затрымацца ў лячэбнай установе пасля аперацыі толькі на дзень-два – магчымасць, якую даюць пацыентам сучасныя тэхналогіі аператыўнага ўмяшання.

Адкрываючы канферэнцыю, галоўны ўрач Браслаўскай ЦРБ Аляксандр Макарэвіч падкрэсліў, што яна праходзіць у 110-ю гадавіну заснавання ў краі бальніцы.

— За гэты перыяд, — сказаў ён, — медыцына зрабіла вялікі крок наперад, і ў калісьці сельскую лякарню прыйшлі найноўшыя тэхналогіі. — Калектыў браслаўскіх медыкаў даўно і плённа супрацоўнічае з кафедрамі ВДМУ, а цяпер і з рэспубліканскімі навукова-практычнымі цэнтрамі, што спрыяе паглыбленню ведаў, росту прафесіяналізму і практычных навыкаў урачоў.
— Каб лячыць сасуды, цяпер не патрэбен скальпель. Хірург паспяхова прыбярэ пашкоджаны ўчастак вены пры дапамозе лазера,— растлумачыў сутнасць новай методыкі вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ «Кардыялогія» кандыдат медыцынскіх навук Дзмітрый Турлюк.

— Стацыянарзамяшчальныя тэхналогіі павысяць даступнасць медыцынскай дапамогі для сельскага жыхара, — дапоўнілі сталічнага калегу загадчык кафедры аператыўнай хірургіі Віцебскага медуніверсітэта Вячаслаў Станавенка і дацэнт гэтай жа ўстановы Юрый Нябыліцын.

Браслаўчанам і іх суседзям не спатрэбіцца чакаць чаргі на аперацыю ў буйных клініках Віцебска і Мінска. Яе можна будзе выконваць у раёне і нават прыцягваць кліентаў з краін Балтыі. База для гэтага ў Браслаўскай ЦРБ ёсць, там з мая запрацаваў міжраённы лячэбна-кансультатыўны цэнтр па аказанні хірургічнай дапамогі насельніцтву Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Мёрскага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў.

З першым досведам яго дзейнасці ўдзельнікаў канферэнцыі пазнаёміў кіраўнік цэнтра, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы кандыдат медыцынскіх навук Яўген Матусевіч. У прыватнасці, ён адзначыў, што за 5 месяцаў выканаў 5 аперацый і пракансультаваў 37 пацыентаў у замацаваных раёнах. У найбліжэйшай перспектыве магчымасці цэнтра будуць пашыраны. Плануецца аснашчэнне ЦРБ лапараскапічнай стойкай і ўстаноўка ангіяграфіі, што дазволіць праводзіць глыбокую дыягностыку і лячэнне пацыентаў з рознай паталогіяй.

Міжраённы цэнтр ужо даказаў сваю эфектыўнасць, таму і быў абраны для правядзення канферэнцыі. На яго базе прафесар, доктар медыцынскіх навук Вячаслаў Янушка, кандыдаты медыцынскіх навук Дзмітрый Турлюк, Юрый Нябыліцын, Аляксандр Піткевіч, Вячаслаў Станавенка і Іван Клімчук знаёмілі ўдзельнікаў канферэнцыі са стацыянарзамяшчальнымі тэхналогіямі ў хірургіі, міні-інвазіўнымі ўмяшаннямі ў лячэнні хранічных захворванняў вен, прынцыпамі арганізацыі аддзяленняў хірургіі аднаго дня і амбулаторнай дзіцячай хірургіі, прымянення радыяльных светлаводаў у лячэнні варыкознай хваробы ніжніх канечнасцей.

Новыя тэхналогіі патрабуюць новых навыкаў урачоў. Дзеючая ў краіне сістэма паслядыпломнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў дазваляе медыкам асвоіць сучасныя тэхналогіі лячэння сасудзістай паталогіі.

Акрамя чыста медыцынскіх пытанняў, на форуме абмяркоўвалі эфектыўнасць хірургіі аднаго дня ў эканамічным і псіхалагічным плане, дзеянні спецыялістаў у выпадку трапляння старонніх целаў у арганізм дзіцяці. У апошні час часціліся выпадкі праглынання дзецьмі манет, на што бацькам у мэтах прафілактыкі трэба звяртаць асаблівую ўвагу.

На канферэнцыі была магчымасць убачыць у дзеянні прымяненне лазера ў лячэнні варыкознай хваробы ў аперацыйных ЦРБ. Адной з пацыентак трэба было зрабіць эндавеназную лазерную каагуляцыю з выкарыстаннем лазернага апарата «Медыёла-кампакт», гэта значыць прыпаліць вену і выдаліць пашкоджаныя вузлы без разрэзаў. Для пачатку хірургі Сяргей Калінін і Юрый Нябыліцын разам з урачом ЦРБ Аляксандрам Шведам на УЗИ-апараце агледзелі

вены, размяцілі на назе паражоныя ўчасткі.

Мясцовая анестэзія, затым у ход пайшоў святловод. Яго свяцільная кропка, рух па вене добра бачныя на маніторы. Прыпаліць неабходны ўчастак трэба было за хвіліну, інакш можна пашкодзіць сасуд, пачнуцца ускладненні. Усё было зроблена хутка, дакладна, акуратна.

На традыцыйнае пытанне пацыентцы аб самаадчуванні чуецца адказ:

— Дзякуй, усё добра.

Цяпер выдаленне варыкозных вузлоў на галёнцы. Пракол спецыяльным кручком. Падчапіўшы і выцягнуўшы хворы сасуд, асістэнт перавязвае яго, абрэзае і вяртае на месца. Неўзабаве ўсе паражоныя месцы прайшлі, аперацыя скончана. На нагу накладваецца павязка, надзяваецца спецыяльны панчоха, і маладой жанчыне рэкамендавана хадзьба на працягу пяці гадзін.

На чарзе наступная пацыентка. Новая брыгада займае месца за сталом, вучні-хірургі сочаць за кожным рухам аперыруючых калег, за карцінкай на маніторы. Атрыманы вопыт дазволіць ім дасягнуць вышынь майстэрства у прафесіі, дзе патрабуюцца цвёрдасць рукі, выразнасць дзеянняў, уменне хутка аналізаваць сітуацыю і прымаць адзіна правільнае рашэнне.

Тамара ПАШКЕВІЧ, фота аўтара. «Віцебскія вясці».