У Чашніках з рознакаляровай пліткі выклалі карту раёна
Карта плошчай 432 кв.м з'явілася ў гістарычным цэнтры горада, побач з будынкам музея (цяпер ён закрыты на рэканструкцыю). Праект рэалізавалі прыкладна за тры месяцы. На карце адлюстраваны асноўныя населеныя пункты, дарогі, Навалукомская ГРЭС, у будучыні з'явяцца іншыя прадпрыемствы раёна. Уначы чырвоным святлом падсвятляюцца кропкі, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі месцы масавых расстрэлаў людзей, спаленыя вёскі. Побач размешчана назіральная пляцоўка, на якую можна падняцца, каб убачыць карту зверху.
"На пляцоўцы плануем увекавечыць знакамітых землякоў, над наступнымі крокамі яшчэ думаем. Цяпер зоймемся добраўпарадкаваннем карты, высадзім дрэвы вакол яе", - адзначыла Галіна Авіжа.
Сёлета Чашнікі адзначаюць 515-годдзе. Нядаўна ў горадзе адкрылі пасля капітальнага рамонту Дом культуры, у мясцовай бальніцы зрабілі рамонт, у гімназіі з'явіўся стралковы цір. Прайшлі і іншыя ўрачыстыя мерапрыемствы. Падчас міжнароднай акцыі памяці "У імя агульнай Перамогі!" у райцэнтры запячаталі і перадалі на часовае захоўванне ў гістарычны музей капсулу з зямлёй, якую ўзялі з брацкіх магіл раёна.