У Чашніцкай бальніцы ўсталявалі новы рэнтгенадыягнастычны комплекс

У Чашніцкай бальніцы завяршылі ўстаноўку абсталявання лічбавага рэнтгенадыягнастычнага комплексу, паведаміў намеснік галоўнага ўрача Навалукомльскай цэнтральнай раённай бальніцы Валерый Красоўскі.

Неабходнасць у гэтым комплексе назрэла даўно. "Рэнтгенаўскае абследаванне - ключавое ў дыягностыцы многіх захворванняў, - сказаў Валерый Красоўскі. - Пераломы, пнеўманія, пухліны - без спецабсталявання немагчыма паставіць канчатковы дыягназ".

Новы рэнтгенадыягнастычны комплекс дазволіць захоўваць атрыманыя здымкі ў лічбавым фармаце. Рэнтгенолагі будуць адразу ж дадаваць вынікі абследавання ў лакальную камп'ютарную сетку, доступ да якой маюць усе ўрачы бальніцы. У далейшым лічбавыя здымкі стануць захоўваць на цвёрдым дыску. Гэта палегчыць працу спецыялістаў, дазволіць пацыентам не страціць вынікі абследавання і ў патрэбны момант надрукаваць любы здымак на папяровым носьбіце.

Абсталяванне айчыннага вытворцы медтэхнікі набылі за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Агульная сума склала каля Br380 тыс. Апарат выраблены з сучасных матэрыялаў з высокай ступенню абароны, што значна зніжае рэнтгенаўскую нагрузку на чалавека. "Новае абсталяванне лічыцца практычна бяспечным як для пацыентаў, так і для медыкаў, абслуговага персаналу кабінета рэнтгенадыягностыкі", - падкрэсліла загадчыца Чашніцкай бальніцы Наталля Глазко.

Гэта ўжо другі лічбавы рэнтген-апарат у Чашніцкай бальніцы, некалькі гадоў таму тут усталявалі лічбавы флюараграф. "З яго дапамогай можна захоўваць здымкі на электронным носьбіце і друкаваць на звычайнай паперы, - распавяла Наталля Глазко. - На паперы некаторыя здымкі атрымліваюцца больш выразнымі, чым на рэнтгенаўскай плёнцы".

Сёлета на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя Чашніцкага раёна накіравана каля Br500 тыс. Акрамя новага рэнтгенадыягнастычнага комплексу, напачатку года набылі наркозны апарат і апарат ШВЛ за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Для барацьбы з COVID-19 у тэрапеўтычным аддзяленні абсталявалі кіслародныя кропкі, праз якія ў палаты падаецца кісларод для апарата ШВЛ. Пры неабходнасці да яго могуць падключыць каля 20 пацыентаў.

"Да канца года плануем абсталяваць устаноўку падачы кіслароду ў палаты інфекцыйнага аддзялення, - распавёў Валерый Красоўскі. - Ужо вызначана, дзе яна будзе знаходзіцца, цяпер мантуюць пляцоўку побач з корпусам інфекцыйнага аддзялення, які стаіць асобна ад асноўнага будынка бальніцы. Пасля падключэння гэтай кропкі да сістэмы ШВЛ можна будзе падключыць 8 пацыентаў".

 

БЕЛТА.