У Чашніцкім раёне адкрыта другая чарга свінаводчага комплексу на 16 тыс. галоў
На плошчах рэканструюемага жывёлагадоўчага комплексу вытворчы ўчастак па вырошчванні свіней функцыянуе ўжо год. Падраздзяленне ўвесь гэты час набірала моц, і вось уведзены ў эксплуатацыю цэх дарошчвання. Цяпер вытворчы цыкл можна лічыць скончаным. Тры памяшканні, разлічаныя на 8 тысяч галоў, пачалі запаўняць парасятамі. Іх будуць даводзіць да патрэбнай кандыцыі, пакуль не набяруць па 40 кг, а потым адправяць на адкорм.
Пры ўзвядзенні комплексу ўлічваўся вопыт еўрапейскіх свінаводаў. Тут устаноўлена высокатэхналагічнае абсталяванне імпартнай вытворчасці, якое дазваляе дабівацца грунтоўных прываг. Важна, што ўмяшанне чалавека ў працэс мінімальнае: камбікармы па трубах будуць паступаць у спецыяльныя кармушкі, жывёлы змогуць падыходзіць да іх і падсілкоўвацца ў любы час. Вялікую ролю адыгрывае сучасная сістэма ўтылізацыі гною, якая зводзіць на нішто шкодныя наступствы для навакольнага асяроддзя. У памяшканнях будзе падтрымлівацца аптымальная тэмпература, праводзіцца неабходныя санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы і выконвацца найстражэйшы рэжымны кантроль.
На ўчастку ў Шаўкоўшчыне агульная колькасць пагалоўя неўзабаве складзе 16 тысяч свіней. Ужо ў 2019-м дадзены аб'ект можа даць добры вынік: яго вытворчая магутнасць – да 5 тысяч тон мясной прадукцыі ў год.
Дасягнутае ўзаемаразуменне паміж мясцовай уладай і кіраўніцтвам холдынгу «Славянскі Велес», у які ўваходзіць і чашніцкі комплекс, дазволіла вырашыць сур'ёзныя задачы. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Леанід Плешка, такое імклівае развіццё прадпрыемства выгадна і для Чашніччыны: створана каля чатырох дзясяткаў працоўных месцаў, павялічаны паступленні ў бюджэт і, акрамя таго, стабільная праца дазваляе ўтрымаць сельскае насельніцтва на месцах. Вядома, бізнесмены таксама ў накладе не застануцца.
Працаўнікам, якія асабліва вызначыліся на будаўніцтве аб'екта, старшыня райвыканкама ўручыў падзякі.