У чым прычыны невысокіх тэмпаў жыллёвага будаўніцтва ў Віцебскай вобласці?

В чем причины невысоких темпов жилищного строительства в Витебской области?

Узвядзенне жылля – адзін з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Галоўная задача – забяспечыць тэмпы росту квадратных метраў – у адпаведнасці з патрэбамі насельніцтва. За студзень — сакавік бягучага года на Віцебшчыне ўведзена ў эксплуатацыю 70,6 тыс. кв. м жылля за кошт усіх крыніц фінансавання, або 17,2% да гадавога плана. Устаноўленае Урадам заданне па выніках першага квартала выканана. Аднак тэмпы будаўніцтва застаюцца невысокімі. Якія прычыны такога становішча спраў, што неабходна зрабіць, каб змяніць сітуацыю, разбіраліся на чарговым пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама.

На думку намесніка старшыні аблвыканкама Анатоля Дзіуліна, які курыруе будаўнічую галіну, прычын таму некалькі. Па-першае, была нізкая гатоўнасць папярэдніх аб'ектаў з-за недастатковага і несвоечасовага фінансавання ў 2013 годзе. Акрамя таго, з-за высокага кошту квадратнага метра грамадзяне не хочуць будаваць камерцыйнае жыллё, уплывае і значная розніца паміж крэдытуемым і фактычным коштам жылля. Анатоль Уладзіміравіч таксама адзначыў недастатковае канцэнтраванне работнікаў на аб'ектах, што залежыць ад кіраўнікоў будзвыканкамаў. Разам з тым адток кадраў за мяжу пайшоў на спад, будаўнікі сёння застаюцца працаваць на радзіме.

Усяго ў бягучым годзе ў вобласці павінна быць уведзена ў эксплуатацыю 410 тыс. кв. м жылля, з іх за кошт дзяржпадтрымкі не менш за 250 тыс., на што прадугледжана 1 трлн 460 млрд рублёў ільготных крэдытных рэсурсаў. На ўмовах дзяржзаказу плануецца ўзвесці 16 шматкватэрных дамоў. Заданне па выніках першага квартала многія раёны выканалі, аднак некаторыя рэгіёны, такія, як Гарадоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Дубровенскі, Шумілінскі, не ўвялі і 10% ад планаванага. Члены аблвыканкама заклікалі кіраўнікоў выправіць сітуацыю ў найкароткія тэрміны.

Актуальным застаецца пытанне ўводу ў эксплуатацыю шматкватэрных жылых дамоў, якія будуюцца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў. У Віцебскай вобласці такіх на сённяшні дзень чатыры.

– Усе яны падлягаюць безумоўнаму ўводу ў эксплуатацыю не пазней 1 ліпеня, на чым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. Гэта два дамы ў Воршы, 206-кватэрны па вул. Чапаева ў Віцебску, 40-кватэрны ў Паставах. Заклікаю кіраўнікоў рэгіёнаў трымаць дадзенае пытанне на асаблівым кантролі, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама.

Варта актыўней весці працу з індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Часта гатовыя дамы грамадзяне не спяшаюцца афіцыйна рэгістраваць, як следства – бюджэт недаатрымлівае сродкі ў выглядзе падатковых плацяжоў. Разам з тым, па думку Анатоля Дзюліна, да жадаючых будаваць індывідуальныя дамы трэба быць уважлівей, аказваць ім дапамогу ў выдзяленні лесу, транспарту, не перашкаджаць, а тлумачыць і падтрымліваць. Аднак узнікаюць і такія сітуацыі, калі індывідуальныя забудоўшчыкі ў шэрагу рэгіёнаў купляюць зямельныя ўчасткі з аварыйнымі або пакінутымі дамамі і займаюцца самавольным будаўніцтвам, за што іх пазней штрафуюць. Каб такога не дапускаць, трэба інфармаваць людзей, як дзейнічаць па законе, і наладзіць кантроль, у першую чаргу, з боку сельсавета. Да таго ж варта памятаць, што прадугледжана заканадаўствам: калі новы ўладальнік нічога не робіць з домам і ўчасткам на працягу трох гадоў, то ўласнасць у яго могуць забраць.

Першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Грэбнеў звярнуў увагу на тое, што не выконваецца рашэнне аблвыканкама па ўзвядзенні жылля прадпрыемствамі для сваіх работнікаў. Пакуль жаданне пабудаваць 80-кватэрны дом выказала толькі ААТ «Віцебскія дываны». Генадзь Іванавіч адзначыў, што кіраўнікам прадпрыемстваў, якія зацікаўлены ў працоўных рэсурсах, варта перагледзець свае падыходы. У рэгіёнах сельгасарганізацыямі вядзецца будаўніцтва 60 жылых дамоў, на фінансаванне якіх прадугледжаны крэдыты «Белаграпрамбанка».

Былі выказаны заўвагі ў адрас праектных арганізацый, якіх на сённяшні дзень у вобласці больш за 100 як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці. Разам з тым да 90% распрацаваных праектаў адпраўляюцца на дапрацоўку і ўстараненне заўваг дзяржаўнай будаўнічай экспертызы. Трэба павышаць якасць працы, павялічваць персанальную адказнасць кожнага супрацоўніка, удасканальваць прафесійны ўзровень.

Падводзячы вынікі, Генадзь Грэбнеў заклікаў навесці парадак на будаўнічых пляцоўках, працаваць якасна, ствараць дабраякасныя дамы без дэфектаў.

– Наша задача – будаваць жыллё рытмічна. Людзі, якія нам паверылі і ўкладваюць свае грошы, павінны дакладна ведаць, калі атрымаюць ключы ад сваёй кватэры, – падкрэсліў Генадзь Іванавіч. – Ёсць рэчы, якія не патрабуюць грошай, — гэта дысцыпліна і адказнасць. Калі іх няма, то і наяўнасць фінансаў не выратуе.

Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"