У гонар 1040-годдзя горада адкрыецца выстава «Віцебск: партрэт на фоне часу»
Віцебскі абласны краязнаўчы музей 13 чэрвеня адкрывае доўгатэрміновую выставу «Віцебск: партрэт на фоне часу»: каля 200 фатаграфій, што захавалі Віцебск перыяду 2-й паловы 19 стагоддзя - пачатку 21 стагоддзя, а таксама калекцыя фотаапаратаў. Усе прадстаўленыя экспанаты - з фонду музея. Гэта найкаштоўнейшы матэрыял па гісторыі горада, і адначасова ўнікальныя самі па сабе здымкі.
Фатаграфіі адлюстроўваюць зменлівы архітэктурны аблік горада, асобныя значныя будынкі, вуліцы, храмы, панараму Віцебска. Многія з помнікаў архітэктуры ўжо не вярнуць. І толькі старыя здымкі даюць магчымасць узнавіць, хоць віртуальна, Віцебск розных перыядаў (1860-2000-я г.г.).
Працы фатографаў 1920–1930-х гг. перадаюць новыя тэмы: праца, будоўля, сацыяльныя пераўтварэнні. На здымках захаваны мітынгі, дэманстрацыі. Фатаграфіі часоў Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага аднаўлення горада хутчэй фотапубліцыстычныя: карціны разбуранага і адроджанага Віцебска.
Фатаграфіі наступных гадоў бесстаронне паказваюць разбурэнне архітэктурных помнікаў, рэканструкцыю і пераўтварэнне гарадскіх вуліц і плошчаў і, нарэшце, аднаўленне віцебскіх храмаў.
Фатаграфіі паказваюць таксама і мірнае жыццё савецкіх людзей 2-й паловы 20-га стагоддзя.
Яшчэ адзін блок экспазіцыі распавядае пра развіццё фотасправы ў Віцебску, пра знакамітых віцебскіх фатографаў к.19 – н. 20 ст. С.Юркоўскага, Я.Пашкоўскага, А.Гершэвіча, А.Макоўскага, А.Серабране і інш. На выставе прадстаўлены унікальныя фатаграфіі гэтых і многіх іншых віцебскіх майстроў святлапісу: К.Дурыхіна, Баброўскага, П.Азарчанкі, М.Клімава, С.Сосмана, А.Ананьевай, У.Базана, А.Глебава.
Для больш поўнага паказу змен у горадзе і адлюстравання сучаснага выгляду Віцебска да ўдзелу ў выставе былі запрошаны віцебскія фатографы, якія падарылі свае працы музею: Ігар Барсукоў, Віктар Барысенкаў, Аляксандр Вышка, Аляксандр Рыгораў, Аляксандр Захараў, Аляксандр Мямус, Юрый Шапялеў, Валерый Шышанаў, Міхаіл Шмерлінг. Кожны з іх мае свой аўтарскі почырк, праз фатаграфію перадае сваё бачанне сучаснага Віцебска.
Стварэнне фатаграфіі немагчыма без фотатэхнікі. Таму на выставе прадстаўлены фотаапараты і фотатэхніка айчыннай і замежнай вытворчасці. Большая частка прадстаўленых прадметаў з калекцыі фотаапаратаў і фотаабсталявання – дар музею Вадзіма Мікалаевіча Кузьміна. Інсталяцыя дазваляе гледачу «прыняць удзел» у працэсе праяўлення фотаплёнкі.
Выстава не пакіне абыякавымі аматараў падарожжа ў мінулае, карэнных і новых жыхароў Віцебска, усіх, каму падабаецца наш горад.
Адкрыццё адбудзецца 13 чэрвеня 2014 г. а 16.00.