У гонар юбілею Мосара ўсталяваны 9-тонны камень

В честь юбилея Мосара воздвигнут 9 – тонный камень

У мінулую суботу ў вёсцы Масар Глыбоцкага раёна адбыліся ўрачыстасці з нагоды 500-годдзя населенага пункта. Павіншаваць вяскоўцаў прыехалі дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў Юрый Маскалёў, Вольга Гінько, старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Мархат, біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Пасля завяршэння святочнага набажэнства ў мясцовым касцёле ўдзельнікі ўрачыстасці ўсклалі кветкі да магілы ксяндза Юзаса Булькі. Была закладзена юбілейная алея, прайшоў мітынг-рэквіем ля помніка загінулым воінам. Святочную праграму працягнулі канцэрт, дыскатэка і маляўнічы феерверк.

– Гэты населены пункт адзін са старэйшых у нашым раёне, – кажа старшыня Удзелаўскага сельсавета дэпутатаў Віктар Карман. – Да знамянальнай даты выйшла памятная кніга «Святкуе Масар юбілей. Красуйся, слаўся і квітней!». У ёй на аснове архіўных дакументаў сабрана падрабязная інфармацыя пра гісторыю краю, яго людзей. Недалёка ад вёскі, у лясным масіве, ёсць курганныя пахаванні, датаваныя больш раннім перыядам. Таму не выключаем верагоднасць таго, што Масар, у свой час з'яўляўся часткай уладанняў Зеновічаў, Бжастоўскіх, Пілсудскіх і прадстаўнікоў іншых знатных родаў, значна старэйшы, чым мы думаем.

Масарскі палац з багатым унутраным убраннем, пабудаваны Робертам Бжастоўскім у канцы XVIII стагоддзя, да нашых дзён не захаваўся, а старадаўні касцёл, узведзены на яго ж ахвяраванні, застаецца і па сённяшні дзень галоўным упрыгожаннем вёскі. У 1980-х гадах пробашчам святыні, дзе захоўваюцца мошчы святога Юстыніяна, стаў ксёндз Ёзас Булька. Разам з прыхаджанамі ён рамантаваў касцёл, добраўпарадкоўваў прылеглую да яго тэрыторыю, па ўласным праекце закладваў дэндрапарк, які з цягам часу празвалі «маленькай Швейцарыяй», «беларускім Версалем». У 1990-м па ініцыятыве ксяндза тут усталявалі адзіную ў Беларусі копію вядомай працы Мікеланджэла «Аплакванне Хрыста», крыху пазней – першы ў нашай краіне помнік Папу Рымскаму Яну Паўлу II, пяціметровую скульптуру Хрыста.

– Ксёндз Ёзас быў дзіўным чалавекам, таварыскім, адкрытым, гатовым пачуць просьбы кожнага і па магчымасці дапамагчы, – узгадвае Віктар Карман. – Людзі ехалі да яго за парадай, за духоўным настаўленнем. Ён арганізаваў зону цвярозасці, якая існуе і сёння.

Барацьбу з алкагалізмам Ёзас Булька вёў пастаянна. У званіцы касцёла ён стварыў антыалкагольны музей, які неўзабаве плануюць перанесці ў новае памяшканне. Рэлігійныя абрады святар праводзіў толькі пры адсутнасці ў доме спіртнога. Ёзас Булька шмат часу ўдзяляў моладзі, дзецям, у тым ліку цяжкім падлеткам. Для іх каля касцёла былі абсталяваны спартыўныя, дзіцячыя пляцоўкі, у вальерах пасяліліся страусы, авечкі, індыкі і іншыя птушкі і жывёлы, створана штучнае возера з двума астраўкамі, злучанымі паміж сабой «мастком закаханых».

Праца ксяндза-прэлата была адзначана падзякай камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Міністэрства спорту і турызму, за ўклад у развіццё духоўнасці Папа Рымскі Ян Павел ІІ пры жыцці прысвоіў яму званне каноніка. Таксама ў 2004 годзе ксёндз Ёзас быў удастоены прэзідэнцкай прэміі

«За духоўнае адраджэнне», меў іншыя высокія ўзнагароды.

– Аднойчы пасля набажэнства ён звярнуўся да парафіян з прапановай стварыць пры касцёле музей. Папрасіў прынесці старыя рэчы, якія раней былі ў побыце, – распавядае экскурсавод мосарскага філіяла Глыбокскага гісторыка-этнаграфічнага музея Марына Ткачонак. – За кароткі час людзі сабралі ўнікальную калекцыю. У нас, напрыклад, захоўваецца старадаўні касцельны каляндар, выкананы ў выглядзе цыферблата, пралка, саматканыя вырабы, люстэрка ручной работы, якому як мінімум 200 гадоў, лапаць і скураны бот на драўлянай аснове, насіць які ў пасляваенны час лічылася вялікай раскошай.

Таксама парафіяне прынеслі прэс для падрыхтоўкі хатняга сыру, медагонку, старадаўнюю плойку з драўлянай ручкай і шмат іншых унікальных рэчаў, якія некалі з'яўляліся звыклымі прадметамі сялянскага побыту. Ёсць і музычны більярдны стол XVIII стагоддзя, які раней належаў багатым гаспадарам Мосара. У Беларусі такіх сталоў усяго два: адзін на Глыбоччыне, другі – у Нясвіжы.

Многія аб'екты, якія раней існавалі ў Мосары, даўно сталі часткай гісторыі. Напрыклад, у канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя калгас

«Гігант» далучылі да суседняй гаспадаркі «За Радзіму». А вось ільназавод, створаны ў 1948-м, працуе і паныне. Сёння прадпрыемства, ператворанае ў ААТ «Масарлен», мае добрыя паказчыкі.

Самая маленькая жыхарка вёскі Марыя Іваноўская нарадзілася 18 ліпеня гэтага года. А Яўгенія Вікенцьеўна Кавалько ранняй вясной адзначыла сваё 99-годдзе. Усяго тут пражывае больш за 350 чалавек, з іх 195 – працаздольнага ўзросту, каля 40 дзяцей і падлеткаў.

У дзень святкавання 500-годдзя Масара ў адным з пустуючых будынкаў былой базавай школы адбылося ўрачыстае адкрыццё дома кругласутачнага знаходжання для састарэлых адзінокіх грамадзян, а насупраць касцёла быў усталяваны 9-тонны камень (на фота).

– Свята доўжыцца адзін дзень, а нам так хацелася, каб пра яго памяталі шмат гадоў, – кажа Віктар Карман. Вырашылі, што трэба паставіць велізарны камень і напісаць на ім памятныя радкі, а побач пасадзіць алею ў гонар юбілею.

Дыяна Берніковіч, "Віцебскія весці"