Сярод стыпендыятаў ФПБ – Дар’я Кулікова з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта

У межах Рэспубліканскага фестывалю студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень» адбылося ўручэнне стыпендый Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі студэнцкай моладзі. Галоўным крытэрыем адбору паслужыла высокая прафсаюзная актыўнасць. Таксама ўлічваліся ўдзел у навукова-даследчай, творчай і спартыўнай актыўнасці студэнта і сярэдні бал паспявальнасці па выніках двух семестраў.

У ліку стыпендыятаў ФПБ - студэнтка гісторыка-філалагічнага факультэта, старшыня прафсаюзнага бюро Дар'я Кулікова, пра якую можна сказаць – студэнтка, актывістка і проста прыгажуня.

Па словах старшыні прафкама студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Святланы Валочнік, Дар'я з першага курса паказала сябе як студэнтка з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і разнабаковая асоба. Яна прымае актыўны ўдзел ва ўсіх універсітэцкіх мерапрыемствах, у тым ліку арганізаваных прафкамам студэнтаў. У той жа час гэта не перашкаджае ёй вучыцца на «выдатна» і знаходзіць час для навукова-даследчай працы ў студэнцкім навуковым таварыстве. А яшчэ дзяўчына спалучае вучобу з грамадскай дзейнасцю, з'яўляючыся каардынатарам валанцёрскага руху дапамогі пажылым людзям пры прафкаме студэнтаў «Інстытут залатога ўзросту» на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наваполацка.

Акрамя Дар'і Куліковай стыпендыятамі ФПБ з Віцебскай вобласці сталі таксама студэнтка 3-га курса Полацкага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Леакадзія Лук'янава і студэнт 6-га курса Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Юрчанка.

Уручаючы Дыпломы стыпендыятаў, Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда адзначыў, што Федэрацыя надае асаблівую ўвагу падтрымцы актыўнай прафсаюзнай моладзі. Сёлета 31 чалавек удастоены стыпендыі ФПБ на 2016-2017 навучальны год. Памер стыпендыі для навучэнцаў ссузаў складае 2 базавыя велічыні, студэнтаў ВНУ – 4 базавых.

Алена Усцінава, прэс-служба ФПБ па Віцебскай вобласці.