У Сафійскім саборы адкрываецца XXXIII канцэртны сезон
Слухачы пачуюць праграму, якая тыдзень таму гучала ў Саборы Парыжскай Божай Маці.
Шэдэўры сусветнай арганнай музыкі выканае арганістка Сафійскага сабора, Ганаровы грамадзянін горада Полацка Ксенія Пагарэлая, імя якой вядома далёка за межамі Беларусі. 19 верасня яна з поспехам выступіла ў цудоўным Саборы Парыжскай Божай Маці з творамі І.С. Баха, Л. В'ерна, П. Флетчара, А. Кароткінай. Гэтай жа праграмай яна адкрые XXXIII сезон, паведамляе канцэртны аддзел Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Ксенія Пагарэлая з'яўляецца нязменнай арганісткай Сафійскага сабора з 1988 года. У канцэртнай зале яна дае каля 300 канцэртаў у год. Яшчэ 50 канцэртаў даюць госці. У мінулым сезоне ў Полацку выступалі музыканты з Германіі, Эстоніі, Бельгіі, Фінляндыі, Польшчы, Румыніі, Харватыі, Швейцарыі, Расіі, Грузіі. Дарэчы, сёлета ў саборы святкуюць два юбілеі: 30 гадоў таму тут быў устаноўлены «кароль музычных інструментаў», а 25 гадоў таму адбыўся I Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». За гэтыя гады ў рамках праекта адбылося звыш 120 канцэртаў, выступалі больш за 60 арганістаў з 18 краін свету. XX Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» пройдзе ў лістападзе.
Вольга Кручэнкава, "СБ".