У Дзень Незалежнасці ў Віцебску адкрылі новы Стэн пашаны

В День Независимости в Витебске открыли новую Доску почета
У Віцебску асноўнай пляцоўкай святкавання Дня Незалежнасці і 76-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала плошча Перамогі. У галоўнае дзяржаўнае свята тут па традыцыі аддалі даніну памяці подзвігу бацькоў і дзядоў, якія падарылі нам будучыню, а таксама ўпершыню ўшанавалі герояў працы, тых, хто штодня ўмацоўвае эканамічны фундамент мірнай, бяспечнай і незалежнай Беларусі.

Свята пачалося з урачыстага ўскладання вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. У ім узялі ўдзел кіраўніцтва аблвыканкама, горада і раённых адміністрацый, дэпутацкі корпус, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў. Звяртаючыся да прысутных, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў нагадаў, што 76 гадоў таму на беларускую зямлю, знявечаную фашысцкай акупацыяй, вярнуўся мір. Вайна стала найцяжэйшым выпрабаваннем і паказала сапраўдны характар народа.

— Гісторыя захоўвае нямала прыкладаў мужнасці, праяўленай у баях на віцебскай зямлі. Тут было створана самае шматлікае ў краіне і дзейснае антыфашысцкае падполле, а партызанскі рух насіў усенародны характар, – падкрэсліў кіраўнік вобласці. — Перамога дасталася дарагой цаной, мы не маем права забыць пра гэта.

Гістарычная сувязь пакаленняў з'яўляецца асновай развіцця грамадства. Сёння перад намі ў новых умовах стаіць тая ж задача — берагчы свабоду і незалежнасць краіны, упэўнены Мікалай Шарснёў. Віцебшчына працягвае развівацца, ствараюцца новыя працоўныя месцы, праводзіцца работа па павышэнні эфектыўнасці аграрнага сектара, прамысловасці, шмат робіцца для добраўпарадкавання гарадоў і сёлаў. Пазітыўныя змены адбываюцца і ў сацыяльнай сферы. У бліжэйшыя дні адкрыецца найважнейшы для інфраструктуры Віцебска аб'ект — Полацкі пуцеправод, які пабудаваны за 20 месяцаў замест запланаваных першапачаткова 49-ці. Так што жыхары Віцебшчыны, здзяйсняючы працоўныя подзвігі, працягваюць традыцыі бацькоў і дзядоў, а непарушная сувязь пакаленняў робіць нас мацнейшымі.

Затым адбылася яшчэ адна знакавая падзея святкавання Дня Незалежнасці — урачыстая цырымонія адкрыцця новай Дошкі Ганару Віцебскай вобласці і Віцебска. Яна «пераехала» бліжэй да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны і ўстаноўлена на плошчы Перамогі, выглядае масіўней і магутней сваёй папярэдніцы. Вітаючы працоўныя калектывы, Мікалай Шарснёў адзначыў сімвалізм таго, што адбываецца:

— Франтавікі, партызаны і працаўнікі тылу выкоўвалі перамогу ў ваеннае ліхалецце, а сёння нашы сучаснікі сваёй працай ствараюць аснову для эканамічнага развіцця, забяспечваючы стабільнасць і дабрабыт радзімы. Асаблівую значнасць падзеі надае тая акалічнасць, што Дошка Ганару ўстаноўлена ў цэнтры горада на святым для кожнага з нас месцы.

Пасля ўдзельнікі ўрачыстасцей усклалі кветкі да бюста Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы Пятра Машэрава па вул. Замкавай у абласным цэнтры.

Сярод святочных мерапрыемстваў таксама вылучаецца адкрыццё абноўленай экспазіцыі «Абаронцы Айчыны» ў абласным краязнаўчым музеі. Яна прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Стацыянарная экспазіцыя створана ў 1994 годзе, а сёлета ў ёй абнавілі фотадакументальныя матэрыялы, пашырылі тэмы абароны і вызвалення Віцебска, дадалі персанальныя комплексы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў вызвалення Віцебскай вобласці. Папоўнілася экспазіцыя матэрыяламі па аднаўленні абласнога цэнтра пасля вайны.

Завяршыўся Дзень Незалежнасці ў абласным цэнтры канцэртам і акцыяй «Заспяваем гімн разам».

"Віцебскія весці".