У Дзень ведаў школьны званок прагучыць для амаль 12,5 тысячы першакласнікаў Віцебшчыны

Усяго жа за парты ў паўночным рэгіёне сядуць каля 112 тысяч навучэнцаў, прыкладна столькі ж, колькі і ў 2019 годзе. Задача рабят — вучыцца добра і выдатна, дарослых — стварыць ім для гэтага ўсе ўмовы. Без салідных уліванняў з бюджэту не абысціся. Пра якія сумы размова, карэспандэнт «НГ» высвятляла на прыкладзе Віцебскай вобласці.

Без агню, але з «Маланкай»

На падрыхтоўку навучальных устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі з бюджэту сёлета зрасходавана больш за 23 мільёны рублёў. Алена Багдановіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абл­выканкама, звяртае ўвагу:

— Установы агульнай сярэдняй адукацыі сёлета атрымалі сертыфікаты гатоўнасці, усе астатнія, як і раней, — пашпарты. Праведзена сур'ёзная праца па частковым рамонце дахаў, фасадаў, інжынерных сетак, у тым ліку цеплатрас, санузлоў, сістэм асвятлення, харчаблокаў, тэхналагічнага абсталявання і па добраўпарадкаванні тэрыторый. Навучальныя кабінеты рамантуюцца сіламі педагагічных і тэхнічных работнікаў, неабходныя матэрыялы набываюцца за кошт мясцовых бюджэтаў, спонсарскай дапамогі, грашовых сродкаў па пазабюджэтнай дзейнасці і апекунскіх саветаў.

Апошнія, па словах суразмоўніцы, не застаюцца ўбаку, у асноўным дапамагаючы не проста рублём, а справай. Размова пра касметычныя работы, удакладняе Алена Леанідаўна:

— На бягучы і капітальны рамонты выдзяляюцца сродкі з бюджэту. Пры гэтым тры кіты, на якіх трымаецца любы апекунскі савет, — гэта добраахвотнасць, празрыстасць і безнаяўнае пералічэнне грошай на разліковы рахунак установы адукацыі. Убачыць, колькі сабрана, куды і як маюць намер расходаваць гэтыя сродкі, можна ў тым ліку на сайтах школ. Інфармацыя з'яўляецца там ужо ў верасні і ўключае ўвесь план выдаткаў на навучальны год.

Асобны артыкул выдаткаў — супрацьпажарныя мерапрыемствы. У 2020 годзе 11 устаноў адукацыі абсталявалі сістэмамі АПС і апавяшчэння аб пажары, у 31 — адрамантавалі названыя сістэмы, у 17 — абсталявалі сістэму дыспетчарызацыі «Маланка», у пяці правялі вогнеахоўную апрацоўку будынкаў, у 43 —рамонт шляхоў эвакуацыі… На супрацьпажарныя мерапрыемствы сёлета затрачана 440,6 тысячы рублёў.

Пяць новенькіх МАЗоў

На падрыхтоўку фізкультурна-спартыўнай базы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года зрасходавана больш за 2550 тысяч рублёў. Напрыклад, выдатным прэзентам для хлапчукоў і дзяўчынак СШ № 28 Віцебска стане пабудаваны з нуля стадыён. Яго плануюць увесці ў эксплуатацыю ў верасні. Аб'ект, без сумневу, стане сапраўднай спартыўнай "разыначкай". пляцоўкі для баскетбола і валейбола, варкаўта, футбольнае поле, бегавыя дарожкі са спецыяльным напыленнем… У сезон дзеці змогуць пагуляць і на сапраўдным тэнісным корце.

Для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы аб'ектаў грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі праведзены капітальныя і бягучыя рамонты, набыта 170 адзінак тэхналагічнага, 60 — халадзільнага абсталявання. Інтэрнаты таксама гатовыя распахнуць дзверы. Усе дзеці, якія маюць патрэбу ў такой падтрымцы, будуць ёю забяспечаны. Для арганізацыі падвозу дзяцей будуць выкарыстоўвацца больш за 280 школьных аўтобусаў. Марына Бабашынская, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, дзеліцца добрай навіной:

— Да 1 верасня аўтапарк школ раёна папоўняць пяць новенькіх МАЗоў. Яны выйдуць на маршрут у Чашніцкім, Глыбоцкім, Бешанковіцкім, Дубровенскім і Аршанскім раёнах. Да канца года плануем закупіць яшчэ тры школьныя аўтобусы.

Век вучыць

У лістападзе юбілей адзначыць адна са старэйшых школ Віцебскага раёна — Далжанская (дырэктар Міхаіл Ходас). Установе адукацыі на беразе маляўнічага возера Сосна споўніцца сто гадоў. Першага верасня за парты тут сядуць 105 дзяцей, у тым ліку 14 першакласнікаў.

Апошнімі гадамі дзяцей усё больш, адзначае Таццяна Ерафеева, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце:

— Выпускнікоў у 2021-м будзе ўсяго пяць, затое ўсе як на падбор — спрытныя, разважлівыя, з цягай да ведаў. Спецыфіка сельскай школы яшчэ і ў тым, што дзеці ў нас заўсёды навідавоку.

Мясцовыя педагогі, а 60 працэнтаў з іх маюць вышэйшую і 1-ю кваліфікацыйныя катэгорыі, ведаюць, як разгледзець таленты. Адсюль асаблівы, фактычна

індывідуальны падыход да адукацыйнага працэсу і выдатны вынік. Рыхтавацца да новага навучальнага года, па словах суразмоўніцы, у Должы пачынаюць задоўга да летніх канікул. Гэта і паступленне новага абсталявання, і аснашчэнне навучальных кабінетаў усім неабходным. Да сёлетняга 1 верасня ў Должанскай школе выдаткавалі каля 3 тысяч рублёў. Сродкі пайшлі на касметычны рамонт навучальных кабінетаў, калідораў, фае, майстэрні, спартыўнай і трэнажорнай залаў. У двух класах пачатковай школы — поўнае пераўтварэнне. На працягу новага навучальнага года сюды збіраюцца закупіць больш сучасную мэблю, стэнды. У адным з кабінетаў — абноўленая столь, якую дапамог прывесці ў парадак бацька вучаніцы пачатковай школы. «Такім бацькам — шчыры дзякуй!» — удзячная Таццяна Уладзіміраўна.

Інтэрактыўных дошак у школе дзве. Пры неабходнасці дзеці заўсёды могуць перайсці ў кабінеты, дзе яны ўстаноўлены. Купіць мультыборд і электронныя мікраскопы мараць і для кабінета біялогіі. Дарэчы, у 2019-м тут прайшоў капрамонт. Экалагічнай адукацыі ў Должы надаюць нямала ўвагі. З 2013 года шэсць адораных навучэнцаў сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Двое з іх — 11-класнікі Рэната Кручанава і Кірыл Ерафееў — атрымаюць узнагароду на лінейцы, якая адбудзецца 1 верасня. Дзяцей адзначылі на самым высокім узроўні за іх навукова-даследчыя работы па біялогіі і экалогіі.

Навучэнцы і настаўнікі мясцовай школы шмат гадоў супрацоўнічаюць з Віцебскім лясгасам і Лосвідскім лясніцтвам. У 2019-м Должанская СШ увайшла ў сетку зялёных школ краіны. Акрамя гэтага, выйграла конкурс міні-грантаў «Тандэм V», арганізаваны фондам імя Льва Сапегі. Амаль 5 тысяч долараў, выдзеленыя пад культурна-спартыўны комплекс «Экасмартленд», пойдуць на карысць усёй вёскі. Па задумцы, у ёй з'явяцца прасторныя пляцоўкі — дзіцячая і для настольных гульняў, вулічныя трэнажоры, сцэна.

Аляксей Даніленка з мультыбордам.


Даўжанская сярэдняя школа на нізкім вучэбным старце. Званка на ўрок чакаюць і педагогі, і іх выхаванцы. Без пяці хвілін 9-класнік і выдатнік Аляксей Даніленка прызнаецца:

— Вучыцца абажаю. Любімыя прадметы — матэматыка і інфарматыка, думаю пайсці ў ІТ. На канікулах не сумую, але з радасцю акунуся ў вучобу, убачуся з сябрамі.

Маргарыта Ходас любіць добрыя кнігі.

З ім салідарная аднакласніца Маргарыта Ходас. Дзяўчына любіць добрыя кнігі і дакладна знойдзе ў школьнай бібліятэцы нешта цікавае:

— Канікулы амаль праляцелі. Самы час сказаць: «Прывітанне, школа!»

ДАРЭЧЫ

У Віцебску ўвялі ў строй доўгачаканую для многіх бацькоў і дзяцей сярэднюю школу № 47 імя Е.Ф. Іваноўскага. А да канца 2020 года ў Паставах павінны адкрыць новы дзіцячы сад на 94 месцы.

ДАСЬЕ 

Першае згадванне пра школу ў Даўжа адносіцца да 2 лістапада 1920-га. У архівах ёсць звесткі, што ў той год дзяцей пачалі вучыць у былой сядзібе памешчыцы Карніловіч. Двухпавярховы драўляны будынак з каменным падмуркам згарэў пры адступленні фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. А 1 верасня 1944-га школу зноў адкрылі. Сучаснае яе месцазнаходжанне бярэ адлік з 1963 года.

"Народная газета".