У вёсцы Рудакі Віцебскага раёна пасля рэканструкцыі адкрылі воінскае пахаванне
Яны загінулі ў чэрвені 1944 года ў баях за вызваленне Віцебска. У 1958-м на брацкай магіле былі ўстаноўлены каменны трохметровы абеліск і мемарыяльныя пліты з імёнамі герояў.
З ініцыятывай па абнаўленні комплексу выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама, дэпутат аблсавета Юрый Дзядзёла. Пры падтрымцы аблвыканкама і Віцебскага райвыканкама работы правялі «Віцебскаблводаканал» і філіял «Вадаканалбудсэрвіс». На рэканструкцыю затрачана больш за 96 тыс. руб.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў адзначыў, што гераізм і мужнасць бацькоў, дзядоў і прадзедаў не дазволілі ўвасобіць жорсткія планы акупантаў па знішчэнні і паняволенні нашага народа. Абнаўленне мемарыялаў – не проста даніна памяці загінулым вызваліцелям. Гэта наш уклад у ідэалагічную барацьбу супраць насаджэння неанацысцкіх ідэй, праца па выхаванні падрастаючага пакалення ў духу сапраўдных каштоўнасцей, праўды, захавання нашай ідэнтычнасці.
Генеральны дырэктар УП «Віцебскаблводаканал» Аляксей Хвалько запэўніў, што прадпрыемства возьме на сябе і ўтрыманне мемарыяльнага комплексу ў Рудаках. Ён таксама паведаміў, што сумесна з дэпутатамі аблсавета прынята рашэнне аб тым, што «Віцебскаблводаканал» штогод будзе рэканструяваць па адным памятным месцы на тэрыторыі вобласці. На 2025-ы запланавана абнаўленне яшчэ аднаго мемарыяла ў Віцебскім раёне.
Ад імя жыхароў Рудакоў арганізатараў і ўдзельнікаў рэканструкцыі падзякаваў Леанід Станішэўскі. Ён падзяліўся ўспамінамі аб чэрвені 1944-га. Тады жыхары вёскі былі ў пастаяннай небяспецы – грымелі выбухі, свісталі кулі. І вось на дарозе з'явіўся савецкі салдат на павозцы. Маці Леаніда Фёдаравіча папрасіла выратаваць сям'ю. Салдат пасадзіў дзяцей у воз і вывез у больш бяспечнае месца.
На тэрыторыі Віцебскага раёна знаходзіцца 124 воінскія пахаванні, у якіх спачывае прах больш чым 66 тыс. воінаў-вызваліцеляў.