У вёсцы Шапуры Віцебскага раёна адкрылі рэканструяваны мемарыяльны комплекс
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў адзначыў, што памятнае месца рэканструявалі за тры месяцы. На гэтыя мэты выдаткавана каля 125 тыс. руб., якія зарабілі на суботніку ў Віцебскім раёне. Ён падзякаваў за працу пошукавікаў, а таксама тых, хто падтрымлівае брацкія магілы і мемарыялы ў належным стане.
– Наша задача – праз мемарыялы захаваць памяць пра тых людзей і падкрэсліць, што дзякуючы ім сёння мы жывем у свабоднай краіне, а наш сцяг развяваецца каля будынка штаб-кватэры ААН, – дадаў Уладзімір Цярэнтаў.
Сёння ў Віцебскай вобласці каля 1,5 тыс. памятных месцаў часоў вайны, дзе спачываюць каля 450 тыс. чалавек. З іх устаноўлена больш за 210 тыс. прозвішчаў.
– «Памяць сэрца» – гэта даніна памяці гераічнаму пакаленню дзядоў і прадзедаў, – адзначыла другі сакратар абласной арганізацыі БРСМ Жанна Нарыцына. – Праект – ініцыятыва нашай моладзі. Нам вельмі важна не дапусціць перакручвання гісторыі. Галоўнае сёння, каб маладыя людзі ведалі дакладныя факты пра страшныя падзеі ваенных гадоў.
На плітах брацкай магілы ў Шапурах выбіта звыш 17 тыс. прозвішчаў савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1943-1944 гадах пры вызваленні Беларусі. Толькі за гэты год занесена больш за 600 імёнаў. Гэта найбуйнейшае воінскае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне. Так, сярод пахаваных тут чырвонаармейцаў ёсць Герой Савецкага Саюза Пётр Васільевіч Шыстэроў (1917-1944 гады), які загінуў у баі 21 чэрвеня 1944 года, за некалькі дзён да пачатку аперацыі «Баграціён». Калі немцы пайшлі ў атаку, Пётр Шыстэроў стрымліваў іх кулямётным агнём, затым адбіваўся гранатамі і загінуў у няроўным баі. За мужнасць і храбрасць ён, ураджэнец Кастрамской вобласці, атрымаў пасмяротна званне Героя Савецкага Саюза.
Рэспубліканскі патрыятычны праект «Памяць сэрца» накіраваны на захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым савецкага народа. Мерапрыемствы праекта пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны да 24 снежня. У памятных месцах маладыя людзі арганізуюць мітынгі-рэквіемы з ускладаннем кветак і запальваннем лямпад памяці. Захаванню гістарычнай памяці прысвечаны і дыялогі пакаленняў.