У вёсках Віцебскай вобласці на грамадскіх пачатках працуюць 3,5 тыс. старэйшын

23 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці на заахвочванне старэйшын вёсак у 2010 годзе з абласнога бюджэту накіравана Br600 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў. У вобласці абраны і паспяхова працуюць амаль 3,5 тыс. старэйшын. Як правіла, гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, большасць з іх - пенсіянеры, але ёсць і 30-гадовыя. Іх грамадская праца не аплачваецца, хоць цяжка пераацаніць тую ролю, якую яны адыгрываюць у мясцовым самакіраванні, лічыць Аляксандр Ацясаў. Старшыні сельскіх Саветаў або сакратары выканкамаў штодня падтрымліваюць са старэйшынамі тэлефонную сувязь, удакладняюць даныя для вядзення пагаспадарскіх кніг, аб падворных абыходах, стане вулічнага асвятлення, атрымліваюць іншую інфармацыю, неабходную для вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Ды і самі старэйшыны не застаюцца ўбаку ад праблем сваіх аднавяскоўцаў, арганізуюць суботнікі па ўборцы сельскіх вуліц, кантралююць работу аўталавак і дарожных службаў. Пра аўтарытэт старэйшын сведчыць, напрыклад, той факт, што ў Браслаўскім раёне са 145 старэйшын 125 на сходах вяскоўцаў абраны паўторна. Дэпутатамі сельскіх Саветаў з'яўляюцца 14 старэйшын. У Сенненскім раёне старэйшыны з'яўляюцца актыўнымі членамі добраахвотных народных дружын, назіральных камісій супрацьпажарнага стану населеных пунктаў. Улічваючы важную ролю старэйшын у развіцці мясцовага самакіравання, аблвыканкам штогод накіроўвае сродкі на заахвочванне самых актыўных грамадскаснікаў. Як адзначыў Аляксандр Ацясаў, нароўні са старэйшынамі ў вобласці працуюць сельскія камітэты, развітая структура грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання функцыянуе ў Наваполацку. Тут 326 дамавых камітэтаў, 8 саветаў мікрараёнаў, 552 старэйшыя па пад'ездзе. У горадзе распрацаваны план па добраўпарадкаванні горада з удзелам грамадскіх фарміраванняў. У Оршы пры жыллёва-эксплуатацыйных участках створаны каардынацыйныя саветы па рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства. Яны працуюць у цесным кантакце з дэпутатамі гарсавета і мясцовай выканаўчай уладай.-0-