У дзесяці рэгіёнах Віцебскай вобласці ў І квартале ўзрасла злачыннасць

26 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У дзесяці рэгіёнах Віцебскай вобласці ў студзені-сакавіку ўзрасла злачыннасць, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік арганізацыйна-кантрольнага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Вольга Лапкоўская. Па выніках першага квартала гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года значна ўзрасла колькасць зарэгістраваных правапарушэнняў у Першамайскім і Кастрычніцкім раёнах Віцебска (павелічэнне склала адпаведна 48,6% і 32,5%), Дубровенскім (рост на 22,9%), Аршанскім (на 20,8%), Верхнядзвінскім (на 17,5%), Шумілінскім (на 13,2%) раёнах. Усяго ў студзені-сакавіку ў Віцебскай вобласці здзейснена 4,3 тыс. злачынстваў, або 104,7% да ўзроўню мінулага года, пацярпелымі ў якіх прызнаны звыш 3 тыс. чалавек, у тым ліку 39 грамадзян загінулі. У структуры злачыннасці па-ранейшаму пераважаюць крадзяжы, іх удзельная вага складае 47,2% ад усіх зарэгістраваных злачынстваў. Разам з тым адзначаецца павелічэнне асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў, рабаванняў, угонаў аўтатранспарту, хуліганстваў. Апошнія часцей за ўсё здзяйсняюцца ў Віцебску, Оршы, Полацку, Лепельскім раёне. Адначасова менш у першым квартале 2010 года ў параўнанні са студзенем-сакавіком мінулага года здзейснена забойстваў і замахаў на забойства, наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Складзеная абстаноўка сведчыць аб неабходнасці ўзмацнення мер праваахоўных органаў па процідзеянні распаўсюджванню злачыннасці, а таксама наладжвання больш эфектыўнай сумеснай працы ў гэтым напрамку ўсіх зацікаўленых ведамстваў, канстатавала Вольга Лапкоўская.-0-