У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Энергетык» адсвяткавалі пачатак летняга адпачынку
Як растлумачыў дырэктар лагера Аляксандр Шпілеўскі, у першую змену (а за лета іх будзе чатыры) у лагер прыехалі 190 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў.
– Мы акцэнтуем увагу на актыўны адпачынак. Праводзім шмат спартыўных спаборніцтваў. Звычайна ў лагерах адзін фізрук, а ў нас – тры. Па адным на розныя ўзроставыя групы. Дзеці з задавальненнем займаюцца на стадыёне. У праграме нямала і культурных мерапрыемстваў. Яны праходзяць як на вуліцы, так і ў клубе, павільёне, які ўстаноўлены на тэрыторыі. Працуюць гурткі па выцінанцы, вышыўцы, тэатральны, дзе старэйшыя дзеці рыхтуюць лялечныя прадстаўленні і паказваюць іх малышам, – расказаў Аляксандр Шпілеўскі.
У мінулым годзе побач з корпусамі ўсталявалі каркасны басейн, дзе можна паплаваць і навучыцца розным стылям. Ёсць яшчэ адзін – закрыты басейн для самых маленькіх.
Выхавальнікамі працуюць як прафесійныя педагогі, так і студэнты Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Пятра Машэрава. Сярод іх – навучэнка трэцяга курса факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі Віялета Пазднякова, якая ўпершыню праходзіць практыку ў дзіцячым лагеры.
– «Энергетык» размешчаны ў прыгожым месцы. Я трапіла ў вельмі добры калектыў, дзе больш вопытныя калегі заўсёды могуць прыйсці на дапамогу. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, і, зыходзячы з першых дзён, атрымліваецца знайсці агульную мову з імі, – расказала Віялета.
У лагеры арганізавана пяціразовае харчаванне. У сталоўцы працуюць дзве брыгады кухараў, адна – ад «Вітміла», другая – ад уласнай сталоўўкі РУП «Віцебскэнерга». Шэф-повар Кацярына Варонава стараецца падабраць разнастайнае меню.
– Не ўсе любяць рыбу, а прыгатаваную нашымі кухарамі ядуць з задавальненнем і дабаўкі просяць. Смачныя запяканкі тварожныя – дзеці нічога не пакідаюць на талерках. Гэта лепшая для нас ацэнка, – з гонарам адзначае Кацярына.
– Лагер – гэта сустрэча з сябрамі, тут можна класна правесці лета, добра адпачыць і навучыцца чамусьці новаму, – падзяліўся ўражаннямі адзінаццацігадовы Цімафей Цітоў, які прыязджае ў «Энергетык» шосты раз.
Намеснік генеральнага дырэктара РУП «Віцебскэнерго» Уладзімір Дзіклаў адзначыў, што ў падрыхтоўку лагера да сёлетняга аздараўленчага сезона ўкладзена нямала сродкаў. Праведзены капітальны рамонт даху большасці карпусоў. Набыта дадатковае абсталяванне для сталовых. Абнавілі дзіцячы гарадок, гульнявы комплекс.
– Звычайна восенню мы складаем праграму і потым рэалізуем яе да наступнага сезона. Кожны філіял РУП «Віцебскэнерго» замацаваны за пэўным будынкам і тэрыторыяй і стараецца, каб іх падапечны ўчастак выглядаў годна. З кожным годам «Энергетык» становіцца маладзейшым і прыгажэйшым, – расказаў Уладзімір Дзіклаў.
Акрамя таго, сёлета быў праведзены конкурс на лепшы аб'ект малых архітэктурных формаў з тым, каб потым іх усталяваць у лагеры. Такім чынам, на алеях прапісаліся казачныя героі, устаноўлены прыгожыя альтанкі і арыгінальная лаўка з гульнёй у крыжыкі-нулікі.
– Аздараўленню дзяцей у летні перыяд у Беларусі і, у прыватнасці на Віцебшчыне, надаецца вялікая ўвага. Хочацца сказаць дзякуй дзяржаве, буйным прамысловым прадпрыемствам, прафсаюзам і іншым арганізацыям, якія ўносяць пасільны ўклад у гэту патрэбную справу. Усе працуюць зладжана, як адзіны арганізм, што дазваляе штогод аздараўляць 40-45 тысяч дзяцей. Лагер «Энергетык» – прыклад таго, як буйное прадпрыемства займаецца аздараўленнем не толькі дзяцей сваіх работнікаў і прадстаўнікоў бюджэтнай сферы, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, які прыехаў у «Энергетык» павіншаваць дзяцей з адкрыццём лагернай змены і пажадаць ім добрага адпачынку.