У Дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Жамчужына" у Лепельскім раёне ўведзены ў эксплуатацыю новы корпус
У сімвалічным адкрыцці аб'екта, узведзенага ў рамках Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011–2015 гады і на перыяд да 2025 года, прынялі ўдзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Ермаловіч, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, МНС і іншыя ганаровыя госці.
Уражанні ад гэтага аб'екта самыя добрыя, падзяліўся пасля азнаямлення з корпусам Уладзімір Андрэйчанка. Ён нагадаў, што гэты праект быў пачаты яшчэ ў канцы 1990-х гадоў:
– Гэта быў няпросты час. Пытанні вырашаліся цяжка. Не было ўпэўненасці ў тым, што ўсё атрымаецца, але менавіта дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гэты праект рэалізаваўся. А ў цэлым здраўніца на сённяшні дзень адпавядае сусветнаму ўзроўню. Яна аснашчана ўсім неабходным. На месцы сталовая, медкарпус, школа, культурна-аздараўленчы цэнтр. Новы аб'ект пашырыць спальныя магчымасці «Жамчужыны» прыкладна на 30%. І гэтыя магутнасці будуць працаваць на нашых дзяцей – наша будучыню. А іх здароўе ў прыярытэце для ўсіх нас, таму гэты праект вельмі каштоўны для Рэспублікі Беларусь.
Фінансаванне будаўніцтва аб'екта вялося па інвестыцыйнай праграме Віцебскага аблвыканкама ў выглядзе субвенцый з рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне расходаў, звязаных з пераадоленнем наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Корпус разлічаны на 166 месцаў. Таксама ён уключае ў сябе сталовую з вытворчымі цэхамі харчаблока і абедзеннай залай на 84 месцы, медыцынскі блок, гульнёвыя пакоі, зоны адпачынку. Яго тэрыторыя добраўпарадкавана і ахоплівае зону пляжу на беразе возера Шчыбот.
Па словах дырэктара цэнтра Веры Закрэўскай, пры ўзвядзенні корпуса быў прадуманы функцыянал рэкрэацый кожнага паверха. Першы атрымаў назву «паверх гасціннасці», так як ён цалкам прыстасаваны для камфортнага знаходжання асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Другі – тэхнапаверх. Тут дзеці будуць займацца тэхнічнай творчасцю. Трэці стане арт-прасторай, а чацвёрты – тэрыторыяй актыўнага адпачынку.
Асобнай увагі заслугоўвае сфарміраваная тут медыцынская база. У медблоку абсталяваны кабінеты электра-светалячэння, электрасну, магнітатэрапіі, інгаляторый, масажны кабінет, кабінет лячэння штучнымі кліматычнымі ўмовамі. Набытае абсталяванне дазваляе ажыццяўляць такія віды электратэрапіі, як ампліпульстерапія, інтэрферэнцыя, лекавы электрофарэз, СМВ-тэрапія, флюктуарызацыя, ультрагукавая тэрапія, дарсонвалізацыя і ультратонтерапія, ДДТ-тэрапія і г.д. Для адпуску працэдур светатэрапіі маюцца біёптрон, УФ-тэрапія, лазерацерапія. Закуплены апарат мясцовай крыятэрапіі. У водалячэбным блоку адпускаюцца падводны душ-масаж, сухія вуглякіслыя ванны, лячэбныя і аздараўленчыя бальнеалагічныя працэдуры. У трэнажорнай зале прадугледжаны неабходныя віды трэнажораў для сілавога і функцыянальнага трэнінгу, устаноўлена абсталяванне для правядзення заняткаў ЛФК, расказала намеснік дырэктара па медыцынскай частцы Марыя Жальнерене.
Яшчэ адзін важны нюанс, старанна прадуманы пры праектаванні і будаўніцтве аб'екта, звязаны з арганізацыяй безбар'ернага асяроддзя для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, падкрэсліла Вера Закрэўская:
– Напрыклад, у холе абсталяваны зоны для навучання дзяцей з асаблівымі патрэбамі. У водалячэбным блоку ёсць спецыяльны пад'ёмнік. У трэнажорнай зале кінезіятрэнажор абсталяваны з улікам неабходнасці правядзення заняткаў і трэніровак для дзяцей-інвалідаў і дарослых пацыентаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Камфортныя ўмовы створаны на ўсёй тэрыторыі аб'екта і робяць яго цалкам даступным.
Адметны і той факт, што новы аб'ект ужо актыўна задзейнічаны ў рабоце цэнтра. На гэты год сюды ўжо прададзена 8 тысяч 595 пуцёвак. Заключаны дагаворы на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне арганізаваных груп дзяцей з раёнаў, найбольш пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама на аздараўленне і лячэнне дзяцей сумесна з бацькамі або ў суправаджэнні дарослых.
Акрамя таго, з уводам аб'екта за кошт рэалізацыі праектаў па супрацоўніцтве з рознымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі значна ўзрасце экспарт паслуг. Ужо заключаны дагавор з ТАА «Санаторна-курортнае аб'яднанне "Центрздравкурорт"» на аздараўленне ў 2023 годзе дзяцей з Масквы і Маскоўскай вобласці.
У цэлым жа рэалізацыя праекта дазволіць лепельскай здраўніцы значна павысіць сваю эканамічную эфектыўнасць. Па папярэдніх даных, каэфіцыент выкарыстання ўжо наяўных магутнасцей лячэбнага корпуса, культурна-забаўляльнага комплексу і школы павялічыцца на 25%. Планаваны рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг складзе больш за 25%, а павелічэнне рэнтабельнасці прадпрыемства – каля 10%. Сума плацяжоў у бюджэт і абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва вырасце на 15–20%. Пашырэнне здраўніцы станоўча паўплывае на развіццё Лепельскага раёна, бо адкрыццё новага корпуса цягне за сабой стварэнне больш чым паўсотні новых працоўных месцаў, большасць з якіх занялі мясцовыя жыхары.